Скандалы

Выбітыя дзверы, маскі-шоу, затрыманне топ-менеджараў. Пачаўся пагром «Еўраопта»

Як стала вядома Нашай Ніве, сёння, 15 мая, быў затрыманы шэраг топ-менеджараў «Еўрагандлю» — юрыдычнай асобы, якая валодае сеткай крамаў «Еўраопт». Гэта самае вялікае прыватнае прадпрыемства ў краіне. Прычына прэтэнзій дзяржавы пакуль невядомая.

Як паведамілі «Нашай Ніве» знаёмыя са сведкамі гісторыі, сёння ў цэнтральным мінскім офісе «Еўрагандлю» адбылося маскі-шоу з выламваннем дзвярэй. Меркавана, з вобшукам прыходзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў.

Топ-менеджараў, якія знаходзіліся ў памяшканні, затрымалі. Персанал на драбнейшых пазіцыях пакінулі на свабодзе.

Паводле інфармацыі на сайце «Еўраопта», у сетку ўваходзяць 1139 крам. У кампаніі на канец 2024 года працавала амаль 32 тысячы чалавек.

Вядома, што асноўныя бенефіцыяры кампаніі — Сяргей Літвін і Уладзімір Васілько — доўгі час жывуць за мяжой, дзе апынуліся падчас папярэднягу наезду на «Еўраопт» у пачатку 2000-х.

Беларускі бізнэс яны кантралююць праз еўрапейскія юрыдычныя асобы.

Пры гэтым старшынёй дырэктарскай рады «Еўрагандлю» ў Мінску з'яўляецца Аляксандр Літвін, родны брат Сяргея. Ці на свабодзе ён — невядома.

Візіт людзей у пагонах адбыўся на фоне крызісу з гароднінай: праз палітыку Лукашэнкі па стрымліванні цэн пастаўшчыкам стала нявыгадна адгружаць прадукцыю ў айчынныя крамы, таму што гэта нерэнтабельна.

Леташнія ўраджаі прададзеныя ў Расію па рынкавых цэнах, а ў беларускія крамы паступае прадукцыя з запасаў — не заўсёды ліквідная, часам падпсаваная або проста непрыдатная да ўжывання.

Найбольш яскрава гэта бачна на прыкладзе бульбы, перабоі з якой шырока абмяркоўваюцца ў грамадстве. Тае самае здарылася з капустай і цыбуляй.