Вардамацкі: «Упершыню неэканамічная праблематыка ўзначаліла іерархію праблем»

Доктар сацыялогіі — пра адносіны беларусаў да Расіі і вайны.

— У пытанні пра геапалітычны выбар у фармулёўцы «ў саюзе з кім было б лепш жыць народу Беларусі — РФ ці ЕС» з пачатку вайны захоўваецца прарасійская арыентацыя. Зараз яна перакрочыла дзве траціны — за 66%, — адзначыў Андрэй Вардамацкі на Еўрарадыё. — У той час як праеўрапейская арыентацыя знаходзіцца ў інтэрвале 15-20%.

Разумею, што некаторыя разлічвалі, што з пачатку вайны дынаміка па расійскай арыентацыі будзе наадварот негатыўная.

Андрэй Вардамацкі

Але паралельна з вайной пачалась і інтэнсіўная сістэмная прапаганда, калі аб'ядналіся расійскія і беларускія дзяржаўныя медыя з аднолькавымі наратывамі наконт вайны.

Менавіта гэта прывяло да росту прарасійскай арыентацыі.

І людзі рэагуюць такой эмацыянальнай контраверсіяй паміж двума арыентацыямі. То бок у Расію лягчэй паехаць і зарабіць, няма ніякага моўнага бар’еру.

З іншага боку, у Еўропе, з цудоўнымі дарогамі, крамамі, вытворчасцю, адукацыяй, нас не чакаюць.

Няма яснага меседжу, што мы чакаем вас у агульнаеўрапейскай сям’і, да таго ж цяжкасці з візамі, з уездам на беларускіх нумарах і г.д. У той час як з боку Расіі ёсць ясны пасыл: давайце, браты, мы вас чакаем.

Таму сітуацыя, у якой зараз знаходзіцца звыклы беларус, гэта такая разгубленасць.

Я ўжо казаў пра аналогіі з сітуацыяй у Грузіі. Там адзін з галоўных лозунгаў, паліттэхналагічных наратываў партыі Іванішвілі (лідар «Грузінскай мары» — С.) гучыць так: «Вы хочаце як у Марыупалі?». І гэта пытанне на фоне здымка з двух частак — на адной квітнеючая Грузія, на другой — разбомблены Марыупаль.

Зразумела, што грузіны, калі глядзяць на тое фота, не хочуць «як у Марыупалі». Так і беларусы — не ведаюць, з чаго выбіраць.

Бо калі мы ставім пытанне так: «Ці згодныя вы, каб Беларусь увайшла ў склад Расіі ў юрыдычным сэнсе?», то толькі 4% пагаджаюцца.

І вось гэты, скажам, «марыупальска-грузінскі» наратыў працуе зараз не толькі ў Грузіі, а ва ўсіх краінах па перыметры РФ, уключаючы РБ.

Пры гэтым, азначае эксперт, у краіне назіраюцца падспудныя працэсы беларусізацыі і наогул упершыню адбылася фундаментальная стратэгічная змена ў грамадскай думцы.

— Ёсць афіцыйная паверхня, але пад ёй ідзе такі Гольфстрым, калі людзі часцей пачынаюць ужываць беларускую мову, прагнуць гісторыі Беларусі, больш чытаюць менавіта па гісторыі, аддаюць перавагу назвам на мове і г.д.

Галоўны ваенны індыкатар — гэта стаўленне да магчымасці ўдзелу беларускіх войскаў у ваенных дзеяннях на тэрыторыі Украіны. Было зроблена пяць хваляў апытання. І негатыўнае стаўленне да гэтага захоўваецца на працягу трох гадоў, існай змены няма.

Негатыўнае стаўленне знаходзіцца на ўзроўні 80% — гэта непараўнальна вялікая лічба. І прыкладаў, калі б грамадская думка па тым ці іншым працэсе ці з’яве была такая маналітная, больш няма.

На пытанне «хто вінны ў гэтай вайне», 25% адказалі, што Расія. Наступнымі ідуць «злобныя штаты Амерыкі». Пасля кажуць, што і ўкраінскія генералы таксама крадуць, і Еўропа ўлезла, і нават Кітай.

Насамрэч няма ніякай сістэмы ў гэтых поглядах. Гэта проста пералік усіх галоўных геапалітычных гульцоў на глабальнай арэне.

А вось сярод асноўных праблем беларусаў трэнд змяніўся. І на першым месцы тое, што адбылося: Беларусь не ўвязалася ў вайну — у краіне мір. Гэта вынікі навагодняга даследавання, якое робіцца ўжо 30 гадоў.

І вось упершыню ў топе аказалася не эканамічнае пытанне. Раней заўсёды ў топе былі цэны, інфляцыя, дэфляцыя і іншыя эканамічныя пытанні.

А зараз адразу некалькі пытанняў у топе тычацца менавіта геапалітыкі: перамовы з Расіяй, нават адносіны з Кітаем. То бок упершыню неэканамічная праблематыка ўзначаліла іерархію праблем, — адзначыў Вардамацкі.