«У выніку бачу паперку: «Альбо вы аплочваеце, альбо мы вас высяляем»
Чаму просіць грошы ў беларусаў, як абараніла сябе ад бруду і што дапамагае ад самоты, «Салідарнасці» распавяла фемактывістка, арганізатарка і піяршчыца сацыяльных праектаў, праваабаронца года 2024 Наста Базар.
У сваім фэйсбуку Наста звярнулася па фінансавую дапамогу: «Два з паловай месяцы адмоваў у супрацы, прыпынення праектаў і мы аказаліся ў сітуацыі фінансавага крызісу. У нас вісіць вызванне на высяленне з арэнднай кватэры плюс не закрытыя базавыя патрэбы як дарослых, так і дзяцей (эміграцыя з дзецьмі той яшчэ квэст). Таму — без чаканняў, але з надзеяй, сёння я прашу ў вас фінансавай дапамогі. Колькі магчыма, буду удзячна любой суме».
— Наста, што здарылася і як так атрымалася, што табе самой зараз патрэбна дапамога?
— Прычыны дзве. Адна — знешняя. Нягледзячы на тое, што ў мяне няма арганізацыі, і я не магла самастойна пісаць заяўкі на гранты, я супрацоўнічала з вялікай колькасцю НДА. Такім чынам прыпыненне фінансавання сказалася і на мне.
Тое, што зараз здарылася з недзяржаўнымі арганізацыямі, атрымала водгук. Адна каляжанка нават напісала: «Рыхтуйцеся, такіх пастоў хутка будзе шмат. А пакуль што трымайце Насту».
Праблемы ў мяне пачаліся са студзеня. Я ўжо тады шукала працу, грукалася куды можна, і ў польскія фірмы ды карпарацыі. Але ніяк.
На жаль, у такой сітуацыі зараз вялікая колькасць людзей. І, безумоўна, першая думка — трэба перакваліфікоўвацца. Тады паўстае пытанне: «А што ты ўмееш, можаш і хочаш?»
Як бы ні атрымалася, я не перастану дапамагаць. Да мяне і зараз людзі звяртаюцца па дапамогу. Мы шмат што зрабілі, каб падтрымаць і дапамагчы. Гэта і Марш памяці Лізы, і марафон «Нам не ўсё адно», агучвалі праблемы харассмента ў эміграцыі. І ініцыятыва «Хопіць гвалціць», пасля якой да мяне звярнулася больш за 100 жанчын. Яны не ведаюць куды звяртацца, баяцца звяртацца ў польскія структуры.
І самае галоўнае, што я праз гэта ўсё зразумела — чалавеку патрэбен чалавек. Каб кожны разумеў, што ён у гэтым не адзін.
— Ты калісьці пісала, што дапамога бывае не толькі грашыма, што можна прыйсці ды тых, каму дрэнна, каб хаця б пасядзець побач ці з дзецьмі. Пакарміць, прыбраць, выслухаць.
— Заўсёды можна знайсці, чым падтрымаць. У 2020-м мы паехалі ў Кіеў, а тады вялікая колькасць людзей ехала з Беларусі. Мы здымалі трохпакаёвую кватэру 9 месяцаў, і ў нас заўсёды нехта жыў.
Мы стаміліся ад вялікай колькасці незнаёмых людзей і, калі пераехалі ў Польшчу, я паабяцала жонцы, што ў нас ніхто не будзе жыць. Але здарыўся люты 2022-га, і за вясну ў нас пажыло 30 чалавек, якім мы дапамагалі выехаць з Украіны, у тым ліку маім родным з Марыупаля.
Але часам можна проста прыехаць і прыгатаваць ежу ці дапамагчы. Напрыклад, аднойчы проста памылі падолгу ў маладой сям’і, пакуль мама ўкладвала немаўлятка. І гэта такая дробязь, зразумела, яны б маглі і самі. Але гэтая простая форма падтрымкі і клопату, якая дасяжна кожнаму і кожнай.
Зараз вялікая праблема яшчэ і ў тым, што людзі замыкаюцца, у сеціве ўсё больш паведамленняў пра самотнасць. На жаль гэта заканамерны ход падзеяў.
Калі мы ўсе выязджалі, беларусы былі разам, трымаліся адзін аднаго. Але насамрэч, акрамя аднаго агульнага жадання і мэты, усе мы розныя. Прайшоў час, і беларусы ўжо святкуюць Раство і Новы год з новымі кампаніямі, з тымі, хто ім бліжэй.
А вялікая частка людзей у эміграцыі без родных, без сяброў. Таму зараз ёсць вялікі попыт на камунікацыю, на тое, каб пазбавіцца самотнасці. Але і шмат тых, хто хоча дапамагчы, але не ведае як.
«Смялей і лягчэй, калі ідуць два чалавекі, якія не разбіраюцца, а не адзін»
— Насамрэч людзям часта трэба ня шмат. Камусьці — каб разам з імі схадзілі ва ўжонд. Я магу сама не разбірацца ў гэтым, але смялей і лягчэй, калі ідуць два чалавекі, якія не разбіраюцца, а не адзін.
Калі ёсць валоданне мовы – дапамагчы з гэтым. Я запісвала людзей да дактароў, шукала кватэры. І тут справа не ў грошах, а ў асабістым часе, якім ты можаш дапамагчы.
Мы ж разумеем, што беларуская сітуацыя гэта не спрынт, а марафон. І насамрэч чым больш мы будзем клапаціцца пра сябе — добра спаць, есці, мець фізічную нагрузку — тым даўжэй мы зможам сістэматычна падтрымліваць іншых.
— Як ты ставішся да каментароў супернікаў фемінізму, якія кажуць «гулялася ў свой фемінізм і дагулялася. Трэба было ісці працаваць»? Нават пад тваім пастом пра дапамогу некаторыя каментатары пішуць, што трэба пераехаць з Варшавы ды пайсці працаваць, а не «кленчыць грошы».
— За 4 гады я як жанчына, феміністка і лесбійка чула ў свой бок шмат брыдкага, дыскрымінуючага, абразлівага і гэтак далей. Нейкі час мяне гэта трохі раніла.
Мне пісалі, што ім сорамна, што я беларуска. Не кажу ужо пра сэксісцкія каментары, што я падобна на мужчыну, што мяне ніхто не захоча і г.д. Праўда гэта мяне дакладна не хвалюе, я шчаслівая са сваёй жонкай.
Апошняй кропляй стаў для мяне Марш па Лізе, які я ініцыявала. Я тады напісала польскай феміністцы з запытам пра падтрымку. Яна вельмі падхапіла, як і беларускія, польскія і украінскія феміністкі. Мы разам рабілі цудоўны марш, які быў патрэбен вялікай колькасці людзей. Бо ён запусціў працэсы: полькі дасягнулі таго, каб упершыню за 100 год у заканадаўстве змянілася апісанне сэксуалізаванага гвалту. У законе.
Гэта вельмі важныя вынікі. Але мяне здзівіла пазіцыя беларускіх СМІ, якія не ўзгадалі ніводную польку ці ўкраінку, затое ўзгадалі двух палітыкаў-беларусаў, якія прыйшлі на марш.
Да таго ж тады было шмат хейту, што я піяруся на крыві і хайпую. Гэта было страшна чытаць, вельмі балюча.
І нарэшце тады я знайшла інструмент, які мне дагэтуль вельмі дапамагае — не чытаць каментары.
Тое што напісалі ў фэйсбуку пад маім пастом — гэта не мой сябар у фэйсбуку, я не ведаю яго, як і ён мяне, мы не камунікуем. Таму ўсё што я магла напісаць: «Вашы парады не актуальныя».
Я стрымалася каб не адказаць: «Хлопча, прыяжджай і дапамажы мне, калі ласка, пераехаць у маленькі горад». Калі пераяжджалі з Кракава ў Варшаву, замаўлялі дзве машыны. У мяне двое дзяцей, мы купілі ім ложкі, сталы, крэслы, іншую мэблю. І каб заплаціць каўцыю за новае жытло ў іншым горадзе ў мяне зараз няма грошай. І ёсць вялікая колькасць маіх спраў у Варшаве, таму сюды і прыехалі.
Калі людзі думаюць, што мяне палохае праца ў «Бядронцы» — не палохае. Але пайду, мо, туды працаваць, калі назапашу шмат грошай. Бо мне не хопіць гэтага заробку ў 5 тысяч злотых, каб утрымаць дзяцей.
І не я адна ўтрымліваю сям’ю, жонка зарабляе не менш за мяне. Але заробку не хопіць, калі мы пойдзем нават удваіх працаваць у «Жабку».
Гэта пытанне пра тое, што нам трэба ўчатырох зняць аднапакаёўку, бо некалі хтосьці так жыў? Я не хачу і не буду так жыць. Таму што я ня бачу ў гэтым сэнсу і не разумею, чаму трэба жадаць меншага і жыць на мінімалках. Мы так доўга ўсе ўжо пражылі ў Беларусі. Ці ня гэта мы хацелі змяніць?
Таму і пытанне простае: хочаце падтрымаць — дзякуй, не — не падтрымлівайце.
«Адказнасць і любоў да маіх дзяцей дакладна больш за мой сорам, які я магу адчуваць з-за таго, што прашу дапамогі»
— Калі цябе бачыш ці чытаеш, здаецца, што ты вельмі моцная. І любую сітуацыю вырашыш. Ці быў сумнеў: прасіць дапамогі ці не?
— Канешне быў. Моцныя — гэта тыя, хто ніколі не просіць дапамогі? Ні ў якім разе не. Гэта той ці тая, хто прымае сітуацыю такой, як яна ёсць. Шчыра — я і так зацягнула, бо думала вырашыць усё інакш.
Спрабавала ўзяць крэдыт, але зараз у Польшчы не даюць крэдыт іншаземцам. Спрабавала шукаць грошы ў пазыку, але знайшла толькі частку.
І ў выніку атрымаўся момант, каб прызнаць сваю слабасць. Каб прызнаць, што я не справілася. І я прызнаю, хоць і намагалася. Шукала працу, дасылала запыты ў вялікую колькасць арганізацый. Нават у Лодзьскую піваварню дасылала сваё рэзюмэ.
І ў выніку я бачу паперку: «Альбо вы аплочваеце, альбо мы вас высяляем». У нас гэта 14-я кватэра за 5 год. А я нават не разумею, куды і як перавезці мэблю, якую набылі для дзяцей.
Але мая адказнасць і любоў да маіх дзяцей дакладна больш за мой сорам, які я магу адчуваць з-за таго, што прашу дапамогу.
— А чаму «сорам»?
— Гэта пра тое, наколькі мы ўсе розныя. У маім жыцці я памятаю як мне было сорамна, нават калі я экстрана патрапіла ў бальніцу. Бо дзеці яшчэ былі малыя, і ў мяне была пазіцыя «я не маю права хварэць».
«Пад адну грабёнку нас, рабяты, заграблі»
— І яшчэ адкажу на тое, што «фемінсткі нагуляліся і хай ідуць працаваць». Ну тады скажу, што вось гэтыя мужныя годныя беларусы, моцныя мужчыны, якія працавалі ў НДА сектары — яны пацярпелі таксама.
Так што, пад адну грабёнку нас, рабяты, заграблі. І фемінізм тут зноў, як і заўсёды, ні да чаго. Негледзячы на тое, што ўсе яго мараць прыплесці.
І я не бачу праблему пайсці працаваць. Бачу ў тым, колькі мне трэба грошай для ўтрымання ў першую чаргу дзяцей у эміграцыі. Лічу, што вельмі шкодныя ў нас прымаўкі: «без труда не выловишь и рыбку из пруда». Усё дзяцінства нам забівалі ў галаву.
Насамрэч мяне ўжо падтрымала вялікая колькасць людзей, рознымі сумамі. І кожнаму я шчыра ўдзячная. Было прыемна бачыць сярод іх людзей, каму некалі дапамагла я. А адзін з данатаў суправаджаўся файнай прымаўкай: «Перажылі лета гарачае — перажывем і гаўно сабачае».
— Калі б ты ведала сваё сенняшняе становішча колькі год таму — змяніла б тады нешта?
— Ведаеш — так, можна было ні разу нікуды за чатыры гады не з’ездзіць. Але ж гэта былі абсалютна бюджэтныя варыянты. Калі што — напішу гайд, як злётаць у Нарвегію па квіткам таннейшым, чым ад Кракава да Варшавы. У тым і сэнс, што немагчыма было зрабіць нічога інакш.
І ведаеш, яшчэ мяне напалохала, што я вельмі шмат чаго перастала хацець. Бо, здаецца, ужо не разумею, што ўвогуле мяне можа парадаваць.
Разумею, што пры такім узроўні аскетызму жыцця на мінімалках доўга чалавек не працягне. Ці гэта будзе мець наступствы.
Адзіны варыянт, што я магла б, мабыць, зрабіць раней — на мінімалках жыць мінулыя 4 гады. Але тады наўрад ці я б зрабіла столькі, колькі зрабіла.
Але ж я ганаруся тым, што зрабіла. Ганаруся ўсімі сваімі праектамі, акцыямі, справамі, дапамогай вялікай колькасці людзей. Тым, што змяняецца стаўленне да ЛГБТК людзей у публічнай прасторы. Тым, што мне далі ўзнагароду «Праваабаронца года-2024». Для мяне гэта важна як для феміністкі, так і для адкрытай лесбійкі.
І я рада, што шмат каму дапамагла, што людзі мяне чуюць і гатовыя адкрывацца і прасіць дапамогі. Бо мы перасталі размаўляць, людзі не гавораць пра тое, што турбуе і баліць, што яны адчуваюць. А часам дастаткова адзін раз добра праплакацца і прызнацца, што табе цяжка, каб усё ўжо пачало мяняцца.
Читайте еще
Избранное