У пытанні выхаду з пікіроўкі з суседзямі <для рэжыму Лукашэнкі> ўсё складана. Нагадаю пра пажаданне Кітая знайсці агульную мову, у прыватнасці з Польшчай, і далей з краінамі Еўропы.
Тышкевіч: Беларусь спрабуе знайсці нейкі знешні баланс, у тым ліку каб адпаўзці ад Расіі
Аналітык Ігар Тышкевіч разважае пра тое, як беларускія ўлады яшчэ больш павялічылі залежнасць краіны ад Расіі, і ці магчымае цяпер паляпшэнне стасункаў з Захадам.
Сітуацыя на межах Беларусі з еўрапейскімі краінамі далёкая ад пікаў міграцыйнага крызісу, але застаецца неспакойнай — з чым гэта звязана? Аналітык Ігар Тышкевіч разважае на сваім канале, ці змяніў рэжым Лукашэнкі тактыку стасункаў з Захадам, і чаго ад яго варта чакаць.
— З месяц-паўтара таму пачаў назірацца рэзкі рост колькасці мігрантаў, якія спрабуюць перайсці праз польскую мяжу, — зазначае Ігар Тышкевіч, — прычым гэты рост практычна супаў не толькі з пацяпленнем, але і з ратыфікацыяй дамоў аб узаемным прызнанні Расіяй і Беларуссю віз.
Нагадаю: калі міграцыйны крызіс толькі пачынаўся, патэнцыйныя мігранты прыляталі адразу на беларускую тэрыторыю. Потым Беларусь некалькі разоў спрабавала з гэтай тэмы «саскочыць», але дадаваўся расійскі фактар за кошт адкрытай мяжы.
Цяпер, калі ёсць пагадненне пра ўзаемнае прызнанне віз — чалавек можа якім заўгодна чынам прыбыць у РФ і будзе цалкам легальны ў Беларусі.
У атачэння Лукашэнкі было некалькі варыянтаў: спыняць такіх людзей у памежнай паласе, спрабаваць вяртаць іх у Расію альбо хуценька выштурхоўваць на польскую тэрыторыю. Быў абраны, відавочна, апошні варыянт — бо сказаць, што Расія гоніць да нас мігрантаў, было б не зусім бяспечна для самога Лукашэнкі, зважаючы на залежнасць яго рэжыму ад РФ.
Паводзіны беларускіх уладаў, мяркуе аналітык, звязаныя ў тым ліку з эканамічнай сітуацыяй, якая для Беларусі ўскладняецца. Бо галоўны гандлёвы партнёр, Расія, пераразмяркоўвае бюджэт на карысць вайсковых выдаткаў — а гэта значыць, грошай на набыццё цывільнай беларускай прадукцыі ўсё меней, і попыт на яе лагічна змяншаецца.
— Улічваючы, што 60% у знешнім гандлі Беларусі займае РФ, гэта будзе моцна біць па ўзроўні ўпэўненасці ў сабе і Лукашэнкі, і эканамічнага блоку ўраду. Яны, безумоўна, будуць спрабаваць знайсці новыя рынкі, але гэта не так хутка ўсё адбываецца.
Але, зноў-такі, з аднаго боку, мы маем міграцыйны крызіс, з другога — чаканне выбараў у Польшчы, раптам нешта зменіцца. Таму да чэрвеня наўрад ці нейкія зрухі будуць.
У сваю чаргу, дадае Тышкевіч, Крэмль працягвае ўсяляк рабіць з Беларусі «такое сабе пудзіла» для Усходняй Еўропы, нагадваючы пра нібыта пастаўленую расійскую ядзерную зброю, восеньскія сумесныя вучэнні і г.д. Мэта празрыстая: каб у заходніх палітыкаў узнікала менш жадання выцягваць Беларусь з-пад уплыву Масквы.
— У Мінску да пэўных чыноўнікаў, наколькі я разумею, пачынае даходзіць небяспека такой залішняй любові расійскага «вялікага брата», але ў дзеяннях яны абмежаваныя.
Агулам становішча беларускіх уладаў, мякка кажучы, не палепшылася пасля так званых «выбараў». Яны чакалі, што хутка ўсе выстраяцца ў чаргу і будуць размаўляць з Мінскам.
На пачатку пэўныя сігналы былі, але з прыходам Трампа на першае месца ў парадку дня выйшлі спробы ЗША згуляць у «сябра Пуціна» і дамовіцца пра замарозку вайны ва Украіне. Адпаведна, беларуская тэма, прынамсі з еўрапейскай павесткі, станам на сёння сышла канчаткова.
Разважаючы пра перспектывы аднаўлення пасажырскага чыгуначнага руху паміж Беларуссю і краінамі ЕС, Ігар Тышкевіч гаворыць:
— Бліжэйшы час — не. Але ў частцы краін гэта абмяркоўваюць з гледзішча аддзялення ўладаў ад грамадзян Беларусі. Таму тэарэтычна гэта магчыма.
І калі такое аднаўленне адбудзецца — на маю думку, гэта будзе вельмі ўдалы крок, які пакажа, што еўрапейскія краіны адкрытыя для беларусаў.
Але ў гэтага падыходу ёсць свае апаненты, якія будуць да апошняга спрабаваць не дапусціць адкрыцця пасажырскага чыгуначнага злучэння.
У Еўропе ёсць пазіцыя асобных краін, што нешта трэба мяняць у палітыцы на беларускім накірунку — але разумення, што менавіта трэба мяняць і як, пакуль няма.
Беларусь жа спрабуе знайсці зараз нейкі знешні баланс, у тым ліку каб адпаўзці ад Расіі. Дакладней, стабілізавацца — гэта значыць не развярнуцца да Пуціна мяккай кропкай, але стабілізаваць расійскі ўплыў. А Расія пакуль не ўключыла праграму прымусу.
Таму для Беларусі шмат што залежыць ад знешніх фактараў: актывізацыі Кітая, перамоваў па Украіне і актывізацыі ЗША, — рэзюмуе Тышкевіч.
Читайте еще
Избранное