Турарбекава: Ненавісны рэжым, пабудаваны на касцях, на пакутах, на палітвязнях, цяпер праводзіць інаўгурацыю таго, чаго не было

Палітолаг Роза Турарбекава — пра Дзень Волі і яго сімвалізм для рэжыму.

Роза Турарбекава

— Лічу, што Лукашэнка абраў сабе дату для інаўгурацыі не выпадкова, — адзначыла Роза Турарбекава на Еўрарадыё. — Гэта яго спроба прадэманстраваць перамогу над «збеглымі», над дэмакратычнымі сіламі, над беларускай рэвалюцыяй (а на мой погляд, гэта была наша Першая беларуская рэвалюцыя). І вось сэнс для Лукашэнкі — у тым, каб прадэманстраваць сваю сілу і сваё літаральна дамінаванне.

Палітолаг упэўненая, што, абраўшы настолькі сур'ёзную гістарычную дату, рэжым, сам таго не разумеючы, падкрэсліў двухсэнсоўнасць падзей.

— Двухсэнсоўнасць заключаецца ў тым, што дата 25 сакавіка —Дзень Волі — гэта свята, якое само па сабе з'яўляецца значна больш сур'ёзным па значнасці для беларускай гісторыі і для беларусаў, чым чарговая інаўгурацыя Лукашэнкі.

І калі ты прывязаў сваю інаўгурацыю да гэтай даты, ты лішні раз проста яе падсвяціў, падсвяціў літаральна яе драматычную значнасць.

Адзначу, што палітычны рытуал ўключае ў сябе некалькі складнікаў. Гэта ідэалагічная прывязка, драматычная інсцэніроўка і палітычная сацыялізацыя.

І вось з трох гэтых элементаў у Лукашэнкі падчас інаўгурацыі будзе прысутнічаць толькі адзін — палітычная сацыялізацыя. А базавых рэчаў, такіх, як ідэалагічнае абгрунтаванне і драматычная інсцэніроўка, няма.

Наадварот, яны двухсэнсоўныя, таму што ідэалагічнае напаўненне гэтага свята, яго абгрунтаванне — гэта Дзень Волі.

Ні падчас БССР, ні падчас Рэспублікі Беларусь як лукашысцкага рэжыму гэтая дата не азначала нічога іншага. Яна працягвае заставацца Днём Волі.

А драматычная інсцэніроўка — гэта і ёсць прывязка да гістарычнай даты. Даты, якая з'яўляецца драматычным момантам у гісторыі народа, у гісторыі нацыі. І да Лукашэнкі гэтая дата не мае ніякага дачынення.

Але для ўсіх нас 25 сакавіка — галоўнае свята. Гэта дзень, калі беларусамі быў абвешчаны намер аб стварэнні сваёй дзяржавы, якая не склалася, таму што БНР была паглынутая БССР.

У гэтым ёсць драматычная інсцэніроўка. То бок у нас ёсць і ідэалагічнае абгрунтаванне даты, і героі. І пры чым тут Лукашэнка са сваёй інаўгурацыяй? Яшчэ раз, акрамя палітычнай сацыялізацыі ў іх больш нічога няма.

І чым больш я пра гэта думаю, тым больш разумею гэтую відавочную для іх двухсэнсоўнасць.

Яны заяўляюць, маўляў, тысяча з лішкам чалавек будуць вітаць Лукашэнку. А колькі тысяч выходзіла на Дзень Волі ў розныя гады?

Якое значэнне гэта мае для мільёнаў беларусаў і пры чым тут вы? Адкажу: ненавісныя чыноўнікі, ненавісны рэжым, які пабудаваў сябе на касцях, на пакутах, на палітвязнях, цяпер праводзіць інаўгурацыю таго, чаго не было.

Вы самі захацелі гэты сімвалізм — і ён тут відавочны. Віншую з удала абранай датай, — іранізуе Турарбекава.