«Сённяшняя Беларусь для мяне — нерэалізаваная ідэя таго, якая б яна магла быць»

Пра каханне, якому трэба вучыцца, пра патрыятызм, які нельга навязваць, і пра сумленне, якое не дае забыцца пра Беларусь, «Салідарнасці» распавяла спявачка і аўтарка песень Юстына Карпіловіч.

Фота прадастаўленыя суразмоўніцай «Салідарнасці»

Юстына перамагла на фестывалі «Бардаўская восень» з вялікім адрывам ад астатніх выканаўцаў. Потым спявачка была на фестывалі Pradmova ў Берліне, выступала ў Вільні ды Варшаве.

Летам ёй споўнілася 17, і спявачка дзякуе ўсёй сваёй сям’і, «без якой нічога не атрымалася б». Бацька Юстыны – знакаміты беларускі бард і пісьменнік Зміцер Бартосік. Маці падтрымлівае яе спевы, у тым ліку граючы на баяне. Дапамагаюць сястра, брат і нават аднакласнікі.

А яшчэ Юстына вельмі ўдзячная беларусам у эміграцыі. За тое, што не здаюцца, робяць важныя імпрэзы, падтрымліваюць ды прыходзяць на яе канцэрты.

Юстына, а якое мерапрыемства вас больш эмацыйна закранула?

— Відаць апошняе, «Бардаўская восень». Кранула тое, як усе клапаціліся пра выступоўцаў, і што атрымалася стварыць вельмі захапляльную атмасферу.

Для мяне Бельск-Падляскі стаў на хвілінку цэнтрам сусвету, бо адчувала сябе часткай чагосьці вялікага. Нават калі яно не настолькі вялікае ў агульным разуменні гэтага слова.

«Мы шмат рэчаў не паказваем пра сябе, бо непрыемна, асабліва, калі яны звязаныя з унутранай барацьбой»

— Мы пераехалі ў Польшчу, калі мне было 13. Я тады толькі пачала пісаць творы і больш думаць, што магу быць яшчэ і музыкам.

У Беларусі я актыўна займалася народнымі спевамі, удзельнічала ў розных конкурсах. Гэта быў вельмі цікавы працэс працы над голасам. Але эміграцыя дала мне добры старт і ўвогуле магчымасць спяваць свае песні, дзяліцца імі адкрыта і там, дзе мне хочацца.

— Аднойчы, праплакаўшы дзень народзінаў, вы шчыра напісалі, што «...вельмі хачу паабяцаць сабе адну рэч я ніколі не здамся і навучуся жыць сама з сабой. Я больш не буду чакаць ад сябе неверагодных зменаў адразу, не стану мучаць сябе развагамі і пытаннямі што правільна, а што не. Я знайду адказы на ўсе пытанні, але ў сваім тэмпе».

Здаецца, гэта і пра шмат якіх дарослых беларусаў, якія часам хаваюць эмоцыі. Чаму вы не баяліся?

— Гэты пост напісаны ўжо даўно. На жаль, яго словы актуальныя дагэтуль. Мы шмат рэчаў не паказваем пра сябе, бо непрыемна, асабліва, калі яны звязаныя з унутранай барацьбой.

Заўважыла, што мае перажыванні рэдка тычацца знешняга: калі штосьці здарылася ці нехта мяне пакрыўдзіў. Хутчэй у мяне пастаянна барацьба самой з сабой (усміхаецца). І яна рэдка калі сканчаецца.

Таму вельмі хачу, як мага хутчэй прыйсці да тых словаў, што напісала ў пасце. Але гэта аказалася цяжэй, чым я думала.

Пазітыўны досвед стварае і адчуванне свабоды. Я не баюся дзяліцца сваім досведам за кошт таго, колькі ў мяне добрых знаёмых і таму, што я ніколі не сутыкнулася з хейтам. І таму, наколькі цёплыя ў мяне адчуванні ад камунікацыі з людзьмі, нават у інтэрнэце, няма страху нешта сказаць ці адкрыцца.

Што самае цяжкае ў вашай эміграцыі?

— Чамусьці мне здаецца, што самае цяжкае толькі пачынаецца. Таму што дагэтуль я сабе дазваляла ні пра што не думаць. Неяк выключыла гэту опцыю ў сваёй галаве.

Нават не памятаю, каб я ўвогуле моцна перажывала менавіта з-за эміграцыі. Бо даволі лёгка завязала кантакт з новымі аднакласнікамі. У Польшчы я вучылася ў трох школах, улічваючы сённяшні ліцэй.Трапляліся вельмі добрыя людзі, таму не было праблемаў з камунікацыяй і польскай мовай. Ну і асноўныя цяжкасці (праца, кватэра) павіслі на бацьках.

Але, канешне, няма да канца адчування, што ты дома, што вяртаешся дадому. Гэтага не хапае. Дом, але не дом.

— Наколькі вашы польскія аднакласнікі адрозніваюцца ад беларускіх і ўвогуле ад беларускага асяроддзя?

— Цяжка пра гэта казаць агулам. Ёсць школы з суровым падыходам, наша школа больш свабодная.

Ёсць і відавочная розніца ў сістэмах навучання. У Беларусі ў мяне было адчуванне большых ведаў. Магчыма з-за таго, што было шмат хатніх заданняў. Тут іх амаль няма.

З іншага боку падабаецца падыход да саміх вучняў. Ты тут больш свабодны. Ты не адчуваеш сябе вечным рабом школы.

Але мяне раздражняе, што ўсе ўрокі быццам адбываюцца з адной мэтай — здаць матуру (выпускны дзяржэкзамен у Польшчы). Не памятаю, каб у Беларусі нам кожны ўрок паўтаралі нешта пра ЦТ.

Уразіў у Польшчы падыход да тэстаў і кантрольных. Не памятаю, каб у Беларусі ты мог нешта перапісаць. У Польшчы ты, калі атрымаў тройку за кантрольную, можаш яе выправіць.

Яшчэ здзівіла, што ў польскай школе няма ніякага афармлення. У Беларусі мы павінны былі падпісваць сшыткі менавіта такім узорам. Кожны працэс павінны былі апісваць словамі: дзень, задача, дата. Вельмі суровыя канспекты.

І нельга было маляваць у сшытках. А тут ніякіх да цябе прэтэнзій: ты можаш у сшытку ўвогуле рабіць, што захочаш, хоць коміксы на ўроках маляваць.

У Польшчы зразумела, што, мабыць, абсалютна і не трэба, як у Беларусі, быць робатамі, штодзень выконваць хатнія заданні ды ўсё запаўняць, як працавітая пчолка. Падыходы абсалютна розныя.

«Беларусы і моцныя, і разгубленыя адначасова»

Вы былі шмат на якіх імпрэзах у Польшчы. Што для вас беларусы ў эміграцыі, якіх вы сустракалі? Бо шмат хто казаў мне, што ўражваюць на такіх мерапрыемствах менавіта людзі, беларусы.

— Для мяне гэта цяжкае пытанне. Мабыць, я нешта яшчэ не зразумела пра ўсю гэту сітуацыю. У нейкім сэнсе я пакуль ад яе аддалілася. Не тое, каб спецыяльна. Бо ты ў такім узросце і жывеш ужо крышачку ў іншым свеце, а я шмат часу праводжу ў сваім ліцэйскім асяроддзі і менш з беларусамі нават свайго ўзросту. І калі даводзіцца бачыцца толькі на канцэртах, быццам не паспяваеш штосьці зразумець пра гэтых людзей.

Я да ўсіх беларусаў, якіх сустракаю, стаўляюся з вялікай удзячнасцю і павагай. У некаторых вельмі шмат пазітыўнай энергіі і веры, што ў нас усё атрымаецца. Галоўнае – рабіць далей.

Ёсць і тыя, якія разгубленыя, але робяць. Гэта таксама нармальна. Мне здаецца, што беларусы і моцныя, і разгубленыя адначасова.   

Вы казалі, што няма нейкага аднаго правіла, слоў, якімі можна было б зараз апісаць беларусаў у эміграцыі. А мне здаецца ёсць. Гэта словы, якія часта чула: «Мы ўсе хочам дадому». І не так важна, што хтосьці хоча назаўжды, а некаторыя ўжо толькі ў госці прыехаць.

Хтосьці кажа, што «дзеці нашы ўжо дакладна не вернуцца». Ці гэта пра вас?

— Дакладна мне б, па-першае, не хацелася адчуваць на сабе такога цяжару, вялікай адказнасці. За тое, што я беларуска. Мне падабаецца пісаць песні на беларускай мове, і я хачу падтрымліваць нашу культуру.

Але не хачу, каб гэта вісела на мне нейкім цяжарам і абавязкам, што я «павінна» і нясу гэта, нясу... Мне хацелася б, каб гэта ўзнікала натуральна, з майго жадання гэта рабіць.

Вельмі баюся, што гэта можа стаць чымсьці пафасным, што людзі хочуць верыць, што я вось такая беларуская патрыётка. Я не ведаю, наколькі я патрыётка. Я не паспела збудаваць яшчэ ніводнага меркавання ні пра што ў гэтым свеце.

Я зараз у такім узросце, што я не ведаю. Часам цяжка нават адказаць на пытанне, ці хачу я вярнуцца ў Беларусь. Мне пакуль хочацца рабіць тое, што я люблю, і, можа, пакуль дазваляць сабе не думаць пра астатняе.

Не тое, што я ад гэтага ўцякаю. Проста трэба мець права вырашыць пазней, каб гэты было шчыра і ад мяне самой.

Мне падабаецца глядзець на рэчы праўдзіва. Тым больш, мяркую, што я ніколі і не здолею сысці з гэтай сцежкі. Сумленне мне не дазволіць асімілявацца цалкам. Паверце.

А пакуль я сабе не адмаўляю, каб пазнаваць новыя культуры, спяваць на розных мовах, вывучаць нешта новае пра свет. Пасля паглядзім, у што гэта спалучыцца. Проста не хочацца сябе абвінавачваць, што я недастаткова зараз праяўляю беларускасці. Я пакуль насамрэч не ведаю, як трэба.

«Кожны на нейкім сваім этапе праплача столькі, колькі яму трэба»

Вы пісалі, што часта плачаце, мо і недарма, бо нараджаецца з гэтых слёз творчасць. А што пра Беларусь вы ўзгадваеце часцей?

— Наконт слёз часам адчуваю сябе трохгадовым дзіцёнкам, што не можа супакоіцца. Дзякуй маме, якая накрывае пледам і прыносіць гарбату кожны вечар.

Слёзы — гэта вельмі асабістая тэма, хтосьці яе саромеецца. А я, шчыра, люблю паплакаць. Мне здаецца, што кожны на нейкім сваім этапе праплача столькі, колькі яму трэба. Але ж пасля слёз мы заўсёды смяемся.

Наконт пытання, што для мяне Беларусь, думаю, я пакуль сама ў пошуках гэтага адказу. У нейкім сэнсе гэта для мяне нерэалізаваная ідэя таго, якая б яна магла быць.

І мне падабаецца думаць пра тое, якая яна б магла быць. Вывучаць гісторыю менавіта ў тым сэнсе, каб разумець, што мы былі і мы ёсць. Чамусьці ў мяне ў самой унутры страх, што гэта ўсё выдумка, што нас не было.

Мне ўвесь час трэба знаходзіць у нейкіх гістарычных допісах нават проста пацвярджэнне, што наша мова невыдуманая. Асабліва, калі я чую такія меркаванні ад людзей. Мне трэба заспакойваць гэты страх, пра тое, што мы існуем.

Нядаўна размаўляла са знаёмай полькай, якая дапамагала перакладаць мае песні з новага альбому на польскую мову. І я распавяла ёй пра гэты свой страх. Яна пажартавала, каб я сама сябе не газлайціла. Гэта ж такое адмаўленне ў тым, што нешта існуе.

Беларусь для мяне — гэта пошук. Драматычная тэма, бо бачыш наколькі гэта паняцце падзелена, наколькі яно сваё ў розных беларусаў.

Беларусь — гэта шмат пытанняў, няпэўнасцяў. Але ўсё роўна нешта вельмі прыгожае. У сваёй ідэі, у тым што яна праходзіць, колькі яна бачыць. У народных песнях, якія я вельмі люблю спяваць. І ў людзях, якія пражываюць яе лёс, з ёй разам.

А якая ваша любімая беларуская народная песня?

— «Ночы мае, ночачкі». У яе такая тэматыка, блізкая эмігрантам, бо там ёсць радкі: «Паднялася б, паляцела ў сваю староначку, да роднай мамачкі...»

Быццам гэта песня нешта ведала пра ўсіх нас. Яна вельмі старая, гэта апошняя песня, якую я навучылася спяваць, калі яшчэ хадзіла на заняткі ў Беларусі.

Яна ў мяне вельмі атрымлівалася, і яна для мяне такі асабісты гонар. За тое, што гэту песню я атрымала, каб яе вучыць, і за тое, як яна атрымлівалася. І, асабліва, як яна ўсё яшчэ атрымліваецца ў мяне сёння.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(36)