Спецназ уварваўся на тэнісныя матчы ў Мінску і затрымаў удзельніц і суддзяў
На кортах праводзіліся фэйкавыя матчы на патрэбу букмекераў, піша Наша Ніва.
Анлайн-гледачы аматарскага тэніснага турніра 1xbet маглі ўбачыць у жывым эфіры феерычную карціну. У залу заходзяць беларускія спецназаўцы, ставяць да сценкі суддзяў і тэнісістак. На гэтым матч сканчваецца.
На тытрах відаць імёны Ганны Сергель і Марыі Савіцкай. Гэта рэальныя беларускія тэнісісткі.
Журналісты апазналі корты, на якіх адбываліся тэнісныя матчы. Падобна, гэта «АвантэКлуб» каля станцыі метро «Міхалова» ў Мінску і «Топ Спін» на сталічнай вуліцы Малініна.
Што зацікавіла сілавікоў? Хутчэй за ўсё, чарговы фэйкавы турнір, арганізаваны на патрэбу букмекераў. На такія спаборніцтвы прымаюцца стаўкі, але ход гульні прадвызначаны і дапамагае букмекерам стрэсці грошы з гульцоў.
Падрабязна пра гэтую махлярскую схему расказвалася ў расследаванні праекта Bellingcat.
МУС: затрыманы 19 чалавек, ім пагражае да 12 гадоў зняволення
Пазней прэс-служба МУС пракаментавала інцыдэнт.
У прыватнасці паведамляецца, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа пры падтрымцы спецыяльных падраздзяленняў МУС затрымалі 19 арганізатараў і ўдзельнікаў незаконнай групы, якая займалася махлярствам з стаўкамі на спорт.
Як сцвярджаюць сілавікі, з 2021 года і да сённяшняга часу фігуранты справы пабманным шляхам атрымлівалі грошы ад грамадзян, якія рабілі стаўкі на сайце папулярнай букмекерскай канторы 1XBET. На сайце трансляваліся дамоўныя турніры па баскетболе і тэнісе, якія арганізоўвалі затрыманыя.
Падчас ператрусаў на спартыўных аб’ектах і ў офісах Мінска і Мінскай вобласці канфіскавалі тэхніку, дакументы, грашовыя сродкі і крыптаактывы на суму каля паўмільёна даляраў. Усяго выявілі каля 200 удзельнікаў гэтых падстаўных спартыўных спаборніцтваў. Кіраўнікі групы раней некалькі гадоў знаходзіліся ў вышуку сілавікамі Расіі.
Цяпер у Беларусі завялі крымінальную справу за махлярства ў складзе арганізаванай групы ў асабліва буйным памеры. Затрыманым пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Працу па выяўленні ўсіх пацярпелых працягваюць.
Читайте еще
Избранное