Общество

«Сказалі, што мне там не дадуць спакойна сядзець, будуць душыць і душыць»

Экс-палітвязень расказаў Нашай ніве, як атрымаў мікраінфаркт падчас суда і чаму аршанская калонія №8 — адна з найгоршых зон у Беларусі.

Берасцейца Сяргея Наліўку судзілі ў 2021-м па «карагоднай» справе, а пасля дадалі тэрмін за каментар. Падчас судоў мужчына перажыў мікраінфаркт і рэанімацыю, а пазней адбываў тэрмін у адной з самых жорсткіх беларускіх калоній для рэцыдывістаў — вось як гэта было.

Сяргей Наліўка. Фота: архіў суразмоўцы

Сяргею 40 гадоў. Працаваў у таксі, у краме ў ахове, быў будаўніком у Польшчы.

Мужчына — удзельнік паслявыбарчых пратэстаў у Брэсце ў 2020-м годзе, у тым ліку і «карагоднага» пратэсту 13 верасня, за які асудзілі больш за 114 чалавек.

Наліўка трапіў у другую партыю абвінавачаных па «карагоднай» справе, але праз стан здароўя мужчыну перавялі ў наступную групу. Усё таму што пасля першага судовага пасяджэння Сяргей — якому тады было 36 гадоў — перажыў мікраінфаркт.

Тады Наліўка знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе:

— Прыехаў дахаты з суда. Доўга ляжаў, нешта прыхапіла, дыхаць было цяжка. Маці прапанавала выклікаць хуткую, кажу: не трэба, зараз пройдзе. Нарэшце ўстаў, дык мяне так скурчыла, што дыхаць не мог. Маці кажа — выклікаю хуткую, бо не магу на цябе глядзець.

Прыехала хуткая. Сказалі, што ў мяне мікраінфаркт, забралі. Адразу павезлі ў аперацыйную, абследавалі праз руку — глядзелі, дзе вены закупораныя.

Далей былі тры дні ў рэанімацыі і яшчэ два тыдні ў аддзяленні кардыялогіі. А потым Сяргея выпісалі, і праз пару дзён ён зноў пайшоў на суд. Расказвае, аднак, што наступствы мікраінфаркта адчувае дагэтуль, бо часам баліць сэрца, скача ціск. Свой мікраінфаркт ён звязвае з судом і перажываннямі.

За «карагод» Сяргея асудзілі на «хімію» — ён адправіўся адбываць два гады тэрміну ў Віцебск. Папрацаваў на дрэваапрацоўцы і на вырабе драўляных паддонаў. У нейкі момант, кажа Сяргей, яму пачалі выпісваць парушэнні: напрыклад, не павітаўся з супрацоўнікам, не прыбраўся ў пакоі. За месяц ён атрымаў тры парушэнні і ў выніку адбываў рэшту тэрміну ў калоніі — гэта была ПК-5, што ў Івацэвічах.

Але на свабоду ён тады не выйшаў, бо Сяргея зноў асудзілі. На гэты раз — па артыкуле 369 за «абразу прадстаўніка ўлады»: некалі мужчына пакінуў нецэнзурны каментар пра дэсантніка з 38-й брыгады, бо той кінуў БЧБ-сцяг на падлогу і выціраў аб яго ногі. Прысуд — два гады строгага рэжыму.

Адбываць новы тэрмін Сяргея накіравалі ў калонію №8, што ў Оршы:

— Напэўна, гэта адна з найгоршых зон у Беларусі, ніякіх умоваў няма ў зняволеных. Калі я туды прыехаў, я ўжо ў першыя тыдні зразумеў, куды трапіў. Расказалі, што мне там не дадуць спакойна сядзець, будуць душыць і душыць.

Пасля каранціну яшчэ больш упэўніўся, куды трапіў. Паглядзеў, як жывуць вязні, як у тых пакоях бегаюць прусакі і мышы. Няма ніякага рамонту, нават вокны стаяць драўляныя, якія прадзімаюцца.

Для ціску на палітвязняў выкарыстоўваюць крымінальнікаў:

— Людзі, якія сядзяць, імкнуцца адзін аднаго прынізіць і да мяне так ставіліся. Падгаворвалі адзін аднаго, каб са мной ніхто не камунікаваў, таму што я — палітычны. Але потым тыя ж вязні, якія падгаворвалі, са мной і гутарылі, не зразумеў іх логіку.

Ці, напрыклад, зімой выходзім на праверку, яна сканчваецца а палову на восьмую. Але спецыяльна будуць не дазваляць разыходзіцца да васьмі, каб людзі мерзлі, хаця і бачаць — снег ідзе, мароз, людзі пакутуюць.

Фота: Архіў суразмоўцы

26 кастрычніка 2024-га берасцеец нарэшце выйшаў на волю. Спрабаваў наладзіць жыццё на радзіме, але зразумеў, наколькі гэта складана для былых палітвязняў. 3 мая 2025-га Сяргей перабраўся ў Варшаву.

— Працую на рамонце пасажырскіх вагонаў. Мы тут усе падаліся на міжнародную абарону, і з гэтым часовым дакументам, які нам далі, мала хто хоча браць на працу. Недзе трэба ведаць польскую мову, я яе трохі ведаю, але ім недастаткова.

«Байсол» адкрыў збор, каб дапамагчы Сяргею ўладкавацца ў замежжы — паўдзельнічаць можна тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)