Общество

«Шкодныя рэчывы на тысячы, а то і мільёны гадоў». Якія радыяактыўныя адкіды хочуць захоўваць у Беларусі

Пра разьмяшчэньне сховішча радыяактыўных адкідаў каля БелАЭС паведаміла арганізацыя былых сілавікоў BelPol.

Радыё Свабода рассказвае, што гэта будзе за аб’ект, якія адкіды там могуць захоўвацца і чым яны небясьпечныя.

Паводле зьвестак BelPol, улады Беларусі прынялі рашэньне пабудаваць сховішча для радыяактыўных адкідаў 3-й і 4-й клясаў каля Беларускай АЭС, паблізу мяжы зь Літвой. Інфармацыя паступіла зь некалькіх крыніцаў, у пацьвярджэньне арганізацыя прыводзіць дакумэнты аб інжынэрна-геалягічных дасьледаваньнях у гэтым кірунку.

Ідзецца пра сярэдне- і нізкаактыўныя адкіды — фільтры, іёнаабменныя смолы, забруджаныя матэрыялы, спэцыяльную вопратку, інструмэнты. Гэта скарыстаны матэрыял зь Беларускай АЭС, які патрабуе экранаваньня і спэцыяльных умоваў захоўваньня. Гаворка не пра скарыстанае ядзернае паліва.

Што гэта за аб’ект

На праект плянуецца вылучыць 941 млн рублёў, увод у эксплюатацыю плянуецца ў 2030 годзе. Рэалізацыяй зоймецца РУП «Беларуская арганізацыя па абыходжаньні з радыяактыўнымі адкідамі».

У размове з Свабодай прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар патлумачыў, які гэта мае быць аб’ект.

Уладзімір Жыгар

— Яны абіралі паміж дзьвюма пляцоўкамі. Першы варыянт быў у Клімавіцкім раёне, на самай мяжы з Расеяй. Там таксама праводзілі досьледныя працы.

У выніку прыйшлі да высновы, што варыянт каля АЭС пасуе больш. Дасьледаваньне грунту пад гэты аб’ект правялі на тэрыторыі плошчай 1 квадратны кілямэтар.

Сам аб’ект можа быць меншым. Гэта будзе крыху паглыбленае сховішча. Глебу зандавалі да глыбіні 30-40 мэтраў. Падмурак аб’екту будзе на глыбіні мінімум 30 мэтраў, — расказвае суразмоўца.

Сховішча ядзерных адкідаў разьмесьціцца ў Астравецкім раёне, за 22 кілямэтры ад літоўскай мяжы. Працы мусяць пачацца ў сярэдзіне наступнага году, а аб’ект мае быць гатовы ў 2030 годзе. Уладзімір Жыгар не выключае, што на пляцоўцы змогуць захоўваць і іншыя адкіды, не апісаныя ў дакумэнтах.

— Мы бачым, што ў Беларусі ў каштарысе можа быць адно, а ў выніку — зусім іншае. Так што ня выключана, што там будуць захоўвацца і іншыя адкіды, — гаворыць Жыгар.

25 верасьня старшыня Дзяржатамнагляду Беларусі Максім Мазурэнка на форуме World Atomic Week у Маскве таксама згадаў сховішча для ядзерных адкідаў.

— Наша ідэя такая — пункт будзе працаваць ня толькі ў інтарэсах БелАЭС, але і ў інтарэсах усёй энэргасыстэмы абыходжаньня з радыяактыўнымі адкідамі ў Беларусі. Ён будзе прымаць адкіды, зьвязаныя з мэдыцынай, а таксама з «чарнобыльскай спадчынай, — паведаміў Мазурэнка.

«Ім проста таньней будаваць каля станцыі»

Беларусы будуць пераймаць досьвед расейцаў у будаваньні сховішчаў ядзерных адкідаў, а ў тых такі досьвед пераважна савецкі. На гэта зьвяртае ўвагу Сяргей Бесараб, радыяцыйны хімік, навуковец, вядомы крытычным аналізам радыяцыйнай бясьпекі.

Сяргей Бесараб

—  Беларускія чыноўнікі самі ня раз казалі, што ня маюць досьведу ў захаваньні ядзерных адкідаў і будуць карыстацца досьведам расейцаў. Але калі мы паглядзім на Расею, то там няма досьведу стварэньня геалягічных сховішчаў.

У часы СССР будавалі прыпаверхневыя сховішчы паводле спрошчаных тэхналёгіяў. Гэта былі проста траншэйныя могільнікі, адкіды закопвалі ў траншэі і засыпалі грунтам, — прыводзіць прыклад Сяргей Бесараб.

Месца ж, якое абралі для такога будаўніцтва, ён называе небясьпечным, а яго выбар лічыць абумоўленым эканоміяй.

— Гэта абсалютны мінімум коштаў. І гэты плюс — адзіны, а мінусаў шмат. Аварыя на АЭС зробіць гэты могільнік недаступным, яго немагчыма будзе кантраляваць.

Інцыдэнт на сховішчы ўскладніць працу станцыі. Там блізка да Вяльлі, а яна — буйная трансьмежавая рака. І маленькі выцек прывядзе да трансьмежавага забруджаньне аж да Балтыкі, як і самой Балтыкі.

Сама пляцоўка АЭС мае некалькі ваданосных гарызонтаў, зьвязаных паміж сабой. Літоўскія гідролягі ня раз казалі пра складанасьць гэтага рэгіёну: існуе моцная сувязь глыбокіх і паверхневых водных пластоў, — заўважае экспэрт.

Навуковец зьвяртае ўвагу і на глебу ў гэтым рэгіёне: гэта пяшчаная глеба і суглінкі. Такая глеба лёгкапранікальная. Рызыка для людзей пры аварыях ці выцеках — гэта анкалягічныя захворваньні і ўнутранае апраменьваньне, папярэджвае суразмоўца.

— Ёсьць імавернасьць унутранага апраменьваньня праз выцекі ў глебу і ваду, а яно нашмат больш шкоднае, чым вонкавае апраменьваньне. Гэта перанос рызыкаў на будучыя пакаленьні. Чалавецтва працуе з атамам 50–70 гадоў.

Нельга сказаць, як далей будзе разьвівацца сытуацыя. Але рэчывы, якія там будуць, застануцца шкоднымі на працягу ад паўтысячы да мільёнаў гадоў, калі туды трапяць ня толькі цэзій і стронцый, а таксама іншыя шкодныя элемэнты, — даводзіць навуковец.

Фільтры і іёнаабменьнікі, якія выкарыстоўваюць на АЭС, канцэнтруюць у сабе ўсе радыянукліды, якія ўтвараюцца ў выніку працы рэактару, працягвае Бесараб.

— Тэарэтычна могуць выходзіць усе ізатопы, якія ёсьць у скарыстаным паліве. Там можа быць плютоній, там могуць захоўвацца вугальныя фільтры, што затрымліваюць ёд-129, у якога пэрыяд паўраспаду мільёны гадоў, — мяркуе хімік.

«На гэтым месцы ўжо быў землятрус»

Спэцыяліст у ядзернай энэргетыцы, зь якім Свабода пагаварыла на ўмовах ананімнасьці, расказаў, што ў лепшым выпадку ў гэтым сховішчы будуць захоўвацца адкіды, якія зьмяшчаюць цэзій і стронцый. Яны будуць несьці небясьпеку сотні гадоў, тлумачыць спэцыяліст.

— Многія праекты будаўніцтва такіх жа пунктаў маюць у дакумэнтах інфармацыю, што цэласнасьць бэтоннай пліты гэтага збудаваньня можа быць парушана. А гэта можа прывесьці да забруджваньня ўжо цягам першай і другой сотні гадоў. Таму гарантаваць бясьпеку такога аб’екту цяжка, — зважае суразмоўца.

Ён дадае, што ў падобны пункт захоўваньня могуць трапіць і іншыя адкіды, а менавіта — доўгатрывалыя адкіды ёд-129, пэрыяд паўраспаду якога мільёны гадоў, і плютоній, які распадаецца тысячы гадоў.

—  У гэтым месцы маюць захоўвацца фільтры і іёнаабменныя смолы. Гэтыя фільтры забясьпечваюць чысьціню вады першага, радыяактыўнага, контуру рэактару.

То бок калі — плянава ці пазаплянава — радыяактыўныя рэчывы трапляюць у першы контур, іх затрымліваюць гэтыя фільтры і іёнаабменныя смолы.

Няма гарантыі, што ў такое сховішча не трапяць доўгатрывалыя радыяактыўныя адкіды ёд-129 і плютоній, — гаворыць спэцыяліст.

Акурат пра падобны інцыдэнт, калі іёнаабменная смала трапіла ў першы контур рэактару Беларускай АЭС, паведамляў Bloomberg з спасылкай на закрытыя дакумэнты «Росатома». Нібыта гэта адбылося ў лютым 2022 году.

Беларускі бок гэтую інфармацыю зьняпраўдзіў.

Як плянуецца, Беларусь будзе накіроўваць скарыстанае ядзернае паліва на перапрацоўку ў Расею, але тое, што застанецца пасьля выманьня зь яго карысных складнікаў, зноў будзе вяртацца ў Беларусь, магчыма, у гэтае самае месца захаваньня адкідаў, кажа наш суразмоўца.

— Такія адкіды перапрацоўкі шкодныя тым, што яны могуць быць забруджаныя доўгатрывалымі радыяактыўнымі рэчывамі, — зважае спэцыяліст.

Што да бясьпекі будучага месца захаваньня адкідаў, то спэцыяліст заўважае, што там мусіць быць добрая геалягічная структура, якая пакіне могільнік некранутым цягам сотняў, а то і тысячаў гадоў. А якраз там, дзе месьціцца АЭС, была сэйсмалягічная актыўнасьць — Гудагайскі землятрус магнітудай 4,5 балы ў 1908 годзе.

— Такія геалягічныя падзеі рэдкія, але яны там не выключаныя. Значыць, могільнік можа трасянуць, можа парушыцца цэласнасьць падземных структураў, але могільнік будзе закапаны і яго нельга будзе праверыць.

Тады як даведацца, ці ня стала размываць гэты самы могільнік? Таксама на месцы АЭС блізка падыходзяць грунтовыя воды, — асьцерагае спэцыяліст.

Паводле яго, трэба даваць выбар будучаму пакаленьню, а таму пры будаўніцтве падобных аб’ектаў карыстацца прынцыпам «зваротнасьці рашэньняў». Гэта значыць, што калі праз 10 гадоў зьявяцца новыя тэхнічныя магчымасьці, то ранейшае рашэньне трэба будзе перагледзець.

Таксама трэба прадугледжваць тэхнічную магчымасьць выняць гэтыя адкіды.

— Калі будучае пакаленьне зь нейкай прычыны захоча дастаць гэтыя рэчывы, яны мусяць змагчы гэта зрабіць. У Эўропе вырашылі абавязаць атамнікаў прадугледжваць у праекце такую тэхнічную магчымасьць.

А ў Беларусі ўлада затаптала экалягічны рух, няма дыялёгу атамнікаў і грамадзкасьці. Таму ёсьць рызыка размяшчэньня могільніку ў неадпаведным месцы, ёсьць рызыка прыняцьця рашэньняў аб неадпаведных тэхналёгіях, — прыводзіць прыклады спэцыяліст.

Урад Беларусі ў 2023 годзе зацьвердзіў стратэгію абыходжаньня з радыяактыўнымі адкідамі, падзеленую на тры этапы.

Да пачатку 2030-х гадоў неабходна вырашыць пытаньне разьмяшчэньня радыяактыўных адкідаў, якія ўтвараюцца на БелАЭС. Гэты праект разьлічаны на 10 гадоў.

Другі этап рэалізацыі стратэгіі (2030–2050-я гг.) прадугледжвае вывучэньне магчымасьцяў будаўніцтва дадатковых сховішчаў радыяактыўных адкідаў.

Трэці этап ахоплівае «больш аддаленую пэрспэктыву».

Будаўніцтва БелАЭС каля Астраўца завяршылася ўвосень 2023 году. Станцыя пабудаваная паводле расейскага праекту, генэральным падраднікам выступіла дзяржаўная карпарацыя «Росатом». Першы энэргаблёк АЭС увялі ў прамысловую эксплюатацыю ў чэрвені 2021 году, другі — у лістападзе 2023-га.

Другую АЭС для Беларусі 13 сакавіка 2025 году абмяркоўвалі Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін. Тады Лукашэнка папрасіў Пуціна, каб «Росатом» збудаваў у Беларусі яшчэ адну станцыю.

Пад узьвядзеньне першай АЭС у Астраўцы Менск атрымаў ад Расеі крэдыт на 10 млрд даляраў, плюс каля 10% кошту праекту плянавалася выдаткаваць зь бюджэту Беларусі. У 2019 годзе Лукашэнка ацэньваў кошт праекту ў 7 млрд даляраў.

Пытаньні аб мэтазгоднасьці будаўніцтва паўстаюць ня толькі наконт патэнцыйнай другой АЭС, але і ўжо дзейнай — як з экалягічнага, так і з эканамічнага боку. Абодва блёкі першай беларускай АЭС ня раз прастойвалі, пра іх рамонт не заўсёды своечасова паведамлялі грамадзкасьці. Таксама былі праблемы з дастаўкай корпусу рэактару, не да канца зразумелае рашэньне пра лёс адкідаў паліва. Улады нярэдка замоўчваюць інфармацыю аб БелАЭС.

І пасьля запуску БелАЭС паслугі электраэнэргетыкі для насельніцтва ў Беларусі рэгулярна даражэюць, хоць раней Лукашэнка і ягоныя міністры шматкроць абяцалі, што АЭС дапаможа ўтрымліваць цэны на электраэнэргію без павышэньня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.3(3)