Рада БНР пасмяротна ўзнагародзіла ордэнам добраахвотніцу Марыю Зайцаву

Яшчэ чатыры асобы ўзнагароджаныя медалём Ордэну Пагоні.

Марыя Зайцава

З нагоды гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла падпісала дэкрэты аб узнагароджанні адзнакамі Рады БНР. Пра гэта паведаміў Сяргей Навумчык.

За асабісты гераізм, выяўлены ў змаганні з расійскімі агрэсарамі за волю народаў Украіны і Беларусі Ордэнам Жалезнага рыцара ўзнагароджаная добраахвотніца Марыя Зайцава (пасмяротна).

Імя гэтай дзяўчыны, якая была цяжка параненая сілавікамі ў часе народнага пратэсту супраць узурпацыі ўлады Лукашэнкам у 2020 годзе, а потым ваявала на фронце і гераічна загінула, увойдзе ў гісторыю беларускай нацыі як сымбаль няскоранасці і адданасці ідэалам свабоды.

Чатыры асобы ўзнагароджаныя мэдалём Ордэну Пагоні.

Ксёндз Вячаслаў Барок у барацьбе дабра са злом застаўся на баку сваіх вернікаў, якія праглі свабоды.

Вячаслаў Барок

Ён быў адным з тых святароў, якіх у 2020 кінулі за краты за грамадзянскую пазіцыю. Ён працягвае несці Боскае слова да беларусаў у касцёле св. Аляксандра ў Варшаве.

Таццяна Гацура-Яворская — стваральніца і кіраўніца рэабілітацыйнага Цэнтру «Ланка» (у Беларусі вядомае як «Звяно»), яна ўратавала жыцці сотняў добраахвотнікаў, якія змагаюцца з расійскімі агрэсарамі ва Украіне.

Таццяна Гацура-Яворская

Алег Груздзіловіч вызначаўся сваёй адданасцю нацыянальнаму Адраджэнню яшчэ ў пачатку 90-х гадоў.

Алег Груздзіловіч

Вэтэран незалежнай журналістыкі, ён застаўся верным прынцыпам свабоды слова і быў зняволены за сваю прафэсійную дзейнасць.

Крысціна Шыянок дапамагала эвакуацыі і лячэнню ў Чэскай Рэспубліцы параненых у выніку злачынных дзеянняў лукашэнкаўскіх сілавікоў, а таксама пацярпелых ад рэпрэсій беларускіх медыкаў.

Крысціна Шыянок

Цяпер яна ўзначальвае Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе і імкнецца, каб тэма змагання за незалежнасць Бацькаўшчыны, лёс палітычных вязняў заставаліся пад увагай  чэскіх палітыкаў.