Навумчык: «Падобнае мы ўжо бачылі ў Беларусі»
Публіцыст — пра небясьпеку, якую нясе Трам ЗША і ўсяму свету.
— Але ёсьць і добрыя навіны. У WSJ зьявіліся публікацыі, дзе імпічмэнт вызначаны як рэальны і, па сутнасьці, непазьбежны сродак спыненьня дзейнасьці Трампа, якая нясе пагрозу бясьпекі — як для самой Амэрыкі, гэтак і для ўсяго сьвету, — піша Сяргей Навумчык.
Аматарам бачыць у крытыцы Трампа інтрыгі левалібералаў лепш памаўчаць: WSJ — гэта не NYT, выданьне якраз выяўляе пазыцыі тых, хто быў схільны падтрымаць Трампа як альтэрнатыву дэмпартыі, дзе агрэсіўныя леварадыкалы набіралі ўсё большую вагу. Але вар’яцтва і некампэтэнтнасьць новай адміністрацыі, як бачна, прывялі іх у стан шоку.
Тое, што Трамп напрацуе на імпічмэнт вельмі хутка, сумневам не падлягае. Пытаньне — ці пасьпее ён канчаткова зьнішчыць канстытуцыялізм і падзел уладаў? Суд у ЗША сапраўды незалежны, але праблема ў тым, што выконваць яго рашэньні (скажам, прыцягненьне да адказнасьці за невыкананьне судовых рашэньняў) мусіць, прабачце за таўталогію, тая самая выканаўчая ўлада, а яна падпрадкоўваецца прэзыдэнту.
Гэта ж тычыцца і рэалізацыі рашэньняў Кангрэсу, таго ж імпічмэнту. Выдаляць з Белага дому адхіленага ад пасады прэзыдэнта давядзецца тым, хто яму падпрарадкоўваецца. У гэтым няма праблемы, калі вяршэнства мае закон. Але з Трампам прыйшлі тыя, для каго Канстытуцыя — нішто, яны ўжо не выконваюць рашэньні Кангрэсу і судоў.
Падобнае мы ўжо бачылі ў Беларусі. У жніўні 1995-га, калі спецназ захапіў дэпутата Антончыка, в.а. генпракурора Кандрацьеў заявіў мне ў твар, што будзе выконваць не Канстытуцыю, а распараджэньні прэзыдэнта.
Гэтыя ж загады прэзыдэнта некалькімі месяцамі раней выканалі кіраўнікі КДБ і МУС, зьбіўшы дэпутатаў ў залі парлямэнта. Лукашэнка ўжо меў поўны кантроль над сілавымі структурамі, і яму было напляваць на закон. А ў грамадзтва не было зброі, каб супрацьстаяць МУС і КДБ.
Сёньня сілавыя структуры ў ЗША кантралюе чалавек, якому на закон напляваць. Яму ўвогуле начхаць на ўсё, акрамя як на самога сабе.
Для Амэрыкі ўсё гэта можа скончыцца грамадзянскай вайной (у Кангрэса і Суда няма сваіх узброеных падразьдзяленьняў, затое зброя ёсьць ў звычайных амэрыканцаў, і ў вялікай колькасьці, а ў Канстытуцыі прапісана права на мяцеж), а для сьвету — глабальнай катастрофай такога маштабу, у параўнаньні зь якой Другая ўсясьветная вайна падасца дробным канфліктам.
Вось чаму я бачу ў трампізме патэнцыйна большае зло, чым у гітлерызьме. Але ў гэты пасьлявелікодны дзень хочацца верыць, што Зло будзе пераможана Добром.
Читайте еще
Избранное