Міхалевіч: «Калі ёсць рэжым, які паводзіць сябе, як тэрарысты, вельмі правільна паказаць, што за гэта будзе расплата»

Адвакат Алесь Міхалевіч — пра тое, як прыйсці да нармальнасці.

— Калі вы пачынаеце размаўляць з тэрарыстамі, якія ўзялі ў закладнікі самалёт, вы можаце выканаць іх умовы і атрымаць закладнікаў на свабоду. Але што адбываецца далей? — разважае Алесь Міхалевіч на Еўрарадыё. — Далей наступныя тэрарысты ці гэтыя самыя бяруць наступных закладнікаў.

Алесь Міхалевіч

І гэта вечная праблема: ці вы павінны ісці на выкананне ўмоваў тэрарыстаў, таму што там знаходзяцца вашы блізкія людзі. Заўсёды будуць галасы сваякоў, якія будуць казаць, зрабіце што заўгодна, выканайце ўсе іх умовы, абы людзі апынуліся на свабодзе. Мы можам зразумець сваякоў.

Але мы як палітычна адказныя людзі мусім разумець і тое, што калі пагаджаемся заплаціць высокую цану за тых людзей, будуць наступныя. Набяруць наступных і не абавязкова, што сярод іх будуць вельмі вядомыя, там могуць быць проста тысячы ноўнэймаў.

І гэта другі бок такой здзелкі — калі рэжым разумее, што гэта класны «гандлёвы тавар». Тэрарысты сябе паводзяць менавіта так. А ў тым, што сённяшняя беларуская ўлада з’яўляецца тэрарыстычнай, думаю, ні ў каго няма сумневаў.

Дарэчы, нагадаю, што гістарычна і Вялікі Кіеў, і Полацкае княства ў значнай ступені таксама былі пабудаваныя на гандлі рабамі. З Кіева рабоў пасля вазілі ў Візантыю. Гэта перапынілася, толькі калі Кіеў прыняў хрысціянства.

Дык вось сёння гэты «гандаль жывым тавар», на мой погляд, квітнее як ніколі.

Міхалевіч упэўнены, што ніякія дамоўленасці з тымі, хто паводзіць сябе як тэрарыст, не прыводзяць у выніку да змены сітуацыі.

— Калі ёсць рэжым — тэрарысты, якія захопліваюць самалёт — вельмі правільна паказаць, што ім за гэта будзе расплата. Расплатай з’яўляецца або іх затрыманне, або расстрэл у працэсе вызвалення закладнікаў.

І ў нашым выпадку ніхто не казаў, што пяць гадоў — гэта наш гарызонт планавання. Напрыклад, я быў абсалютна перакананы, што гэта гульня ў доўгую. Але «гульня», якая ў выніку павінна прывесці да нармальнасці.

А калі мы гаворым, давайце выконваць кожны раз усе патрабаванні тэрарыстаў, мы атрымліваем яшчэ больш тэрарыстаў — і тых самых, і новых.

Гэта таксама і сігнал для ўсяго свету, што вы ў сябе на тэрыторыі краіны можаце сваіх грамадзян катаваць, забіваць — рабіць усё, што заўгодна, а па выніках усё роўна будзеце паважанымі людзьмі.

З вамі паразмаўляюць, паціснуць руку, а, можа, і прэзідэнт найвялікшай дэмакратычнай краіны вам напіша «шаноўны спадар прэзідэнт».

На мой погляд, гэта вельмі дрэнная пазіцыя. Я лічу, што з тэрарыстамі трэба размаўляць як з тэрарыстамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(16)