Мікіта Моніч: «Мне здаецца вельмі важным не чакаць, што я змагу вярнуцца дамоў»

Вядомы беларускі мастацтвазнаўца і экскурсавод — пра надзеі, якія могуць не апраўдацца.

— Мы заўсёды ўспрымаем скарб як штосьці пазітыўнае, — разважае Мікіта Моніч на Еўрарадыё. — Але скарб хаваюць, каб яго пасля адкапаць. Значыцца, любы скарб, які мы сёння знаходзім у зямлі, гэта скарб, за якім не вярнуліся.

Кожны скарб — гэта парушэнне чыіхсьці планаў на вяртанне, што не адбылося.

І ў гэту канцэпцыю скарбу можна ўкласці што заўгодна —мінуўшчыну, сваю зямлю, сваю маёмасць, тое, куды мы збіраліся вярнуцца да Новага года, праз два-тры месяцы, праз год…

І чым далей мы ад гэтай часовай, прасторавай кропкі знаходзімся, тым больш яскрава гэта Беларусь успрымаецца як скарб. Але не факт, што гэта добра.

Моніч нагадвае, што гісторыі эміграцыі бываюць рознымі і нават вяртанне не заўсёды прыводзіць людзей да чаканага выніку.

— Вяртацца, мабыць, мы і будзем, але куды: што там будзе, якімі будзем мы і ці захаваецца наш ключ і замок? Бо і ключ можа змяніцца з часам, і замок можа змяніцца.

Гэта не пытанне матэрыяльных аб’ектаў. Гэта пытанне жывых істотаў: горада, прасторы, грамадства і чалавека, які там сёння адзін, а заўтра другі.

Ці супадзем мы, ці будзе гэта дастаткова супадальна, каб мы маглі зноў узнавіць, выбудаваць гэта новы кантакт?

Асабліва для мяне здаецца вельмі важным не чакаць, што я змагу вярнуцца дамоў. Бо калі так чакаць, то дом — гэта калі ён такі, якім ты яго пакінуў.

То-бок ты з’ехаў, напрыклад, у падарожжа, зачыніў хату, вярнуўся праз час, адчыніў, а хата такая ж самая, толькі расліны пажухлі і ўсё пылам пакрыта.

Вось гэта, мне здаецца, не спрацуе, калі мы вернемся. Хата не будзе такая ж, таму што яна жывая. Таму што хата — гэта як бы адлюстраванне нас.

Гэта матэрыяльны сусвет, які арганізаваны толькі намі. А калі мы пакідаем горад, краіну, грамадства, нават калі мы не цалкам пакідаем, бо ў нас ёсць інтэрнэт, сувязь, мы спісваемся, зтэлефаноўваемся, нават сустракаемся з роднымі, але ўсё роўна там ідзе сваё жыццё, і ў нас ідзе сваё жыццё.

І гэта вельмі добра можна адчуць праз змену мовы. Я сябе лаўлю часам на тым, што ў беларускай і расійскай мове, на якіх размаўляю ўнутры сям’і і раблю большасць сваёй працы, часам адчуваю іспанскі сінтаксіс. Адчуваю, што я штосьці трошачкі па-іншаму кажу.

Я бачу свайго дзіцёнка, які расце ў іспанскім асяроддзі, вучыцца ў іспанскай школе, размаўляе па-руску ў хаце, разумее беларускую. Але часам ён ужо памыляецца і выкарыстоўвае слоўца з іспанскага.

Я бачу гэта па ім, бачу гэта па сабе і выдатна разумею, што ёсць яшчэ пласт таго, што я не бачу. Але гэта вельмі добра будзе бачна — на ўзроўні паху, інтанацыі, на ўзроўні таго, як ты сябе паводзіш і ўспрымаеш прастору і людзей навокал — тым, з кім я сустрэнуся, калі змагу вярнуцца.

І тады вельмі важна разумець, што ты будзеш ужо часткова чужынцам, — кажа Моніч.