У дзяцінстве я пачула ад некага са старэйшых, і разуменне гэтага перавярнула ўсведамленне жыцця: што шчасце — гэта не аб’ектыўны паказчык. Я стараюся бачыць добрае, фіксавацца на добрым, запамінаць добрае і памятаць пра людзей толькі добрае. І ў цэлым так весялей жыць.
Мая Церакулава: «Праца ў мяне ёсць. Прычым канца ёй няма — дзеці працягваюць нараджацца»
Падарожжа лекаркі-педыятра некалі пачалося з пераезду з Казахстана ў Беларусь. Улюбёная праца, сям’я, дзяці, жаданае спакойнае жыццё. Але ў адзін момант, як і тысячам іншых, давялося пакінуць краіну і выправіцца ў новы шлях. Цяпер Мая Церакулава расказвае Сойцы гісторыю свайго жыццёвага падарожжа, цягам якога так важна навучыцца заўважаць добрае навокал.
«Курва-курва»
Мы з дзецьмі беглі ў Польшчу, бліскаючы пяткамі. «Пусціце, пусціце, калі ласка!» Часам думаю, ці вартая аўчынка вырабу? У мяне ў Беларусі была праца, муж, і перспектыва вельмі зразумелая.
Сёння я сумую не па Беларусі, а па страчанай мары, па ідэі аб ідэальным жыцці. Я хацела быць участковым лекарам. Мы будавалі дом, мне маглі даць фельчарска-акушэрскі пункт, я была б доктарам на 2000 чалавек сельскага насельніцтва. Такі зразумелы сцэнар. Ідэальнага жыцця, ідэальнай сям’і. Калі ўсё страчана, як быць далей? Цяпер што, іншую мару прыдумляць? З чаго я яе тут напрыдумаю?
Мне падабаюцца палякі. Чула такі выраз — «не стукнутыя талерантнасцю». З першых момантаў стала зразумела. Калі першы ж памежнік спытаў у мяне, ці не полька я.
Кажу: «Паглядзіце на мае вочы, на мяне, я ж казах». І ведаеце як азіятаў пераймаюць, вось так вось адцягваюць вочы ўбакі, робяць вочы-шчылінкі. Вось ён зрабіў так вочы і кажа: «Да нас з Казахстана палякаў вось такіх шмат прыязджае». Ты ж straż graniczna, ты ж чыноўнік, ты ўвогуле не можаш такім чынам кагосьці паказваць! (смяецца — заўв. рэд.) Але яны ўсе тут вельмі прамыя, мне нармальна з гэтым.
Бывае, увечар побач з барам, які пад домам, даходзіць да бойкі, буйныя такія мужыкі бушуюць. Бу-бу-бу-бу, «курва-курва» адзін на аднаго. Страшнавата. Ну, я лічу гэта ўсё каларытам такім цікавым. Вось гэтая прастата, шчырасць, брутальнасць пэўная. Нават не магу знайсці прыметніка, але яны мне падабаюцца. Своеасаблівая мясцовая культура, грубаватая і прамалінейная. Узаемаадносіны паміж людзьмі і шчырасць. Мне гэта падабаецца.
Страта дома
Пераезд з Казахстана ў Беларусь і з Беларусі ў Польшчу вельмі адрозніваліся. Зразумела, адлегласць. Да мяне нядаўна з Казахстана прылятала стрыечная сястра. Яна ляцела ў самалёце 12 гадзін. Гэта на іншым канцы зямлі, гэта далёка вельмі. Мае беларускія сябры паверыць не могуць, што так далёка.
У Беларусі і Казахстана былі 70 гадоў умоўна агульнай гісторыі. І агульнае ў нас хутчэй адчуваньне акупацыі. Знішчэнне нацыянальнай ідэнтычнасці — тое, што засталося ў культурах. Атракцыёны яшчэ падобныя, у гарадах будынкі падобнай архітэктуры. А культура вельмі моцна адрозніваецца.
Пераезд паміж Беларуссю і Польшчай — ён хутчэй на моўным узроўні адчуваецца. Я ўжо была падрыхтаваная, што на нас будуць глядзець дзіўнавата. Калі я з трыма дзецьмі, яны ў мяне бегаюць, гарлапаняць, я зусім спакойна да гэтага стаўлюся, таму што дзеці павінны так сябе паводзіць. Я іх навучыла, гэтаксама, як у Беларусі, што трэба ў грамадскім месцы «на дзве гадзіны прыкінуцца добра выхаванымі дзецьмі». І мы дамаўляемся.
У Польшчы больш людзей іншай культуры, іншых нацыянальнасцей. «Вось гэтыя мусульмане выхоўваюць дзяцей вось так», — думаюць мясцовыя. Ну і ўсё. Каб прама лезці і каментаваць ці патрабаваць — такога няма. У Беларусі якраз бывала такое. «А што гэта ў дзіцяці няма боцікаў, а што гэта дзіця есць снег». Я доктар, я ведаю. Можна і без боцікаў. Снег таксама можна. Ну, уласна, культурная розніца.
Пра нацыянальныя адрозненні
У мяне няма шанцаў перастаць адрознівацца. У мяне «морда азіяцкая». Асабліва не атрымаецца.
У эміграцыі сярод беларусаў я заўважаю, што людзі, якія не размаўлялі ў Беларусі на беларускай, тут пачынаюць. Пытанне самаідэнтыфікацыі, адасаблення ўзмацняецца тут. І я таксама — частка беларускага кам’юніці, але я казах. І мне таксама хочацца падкрэсліць сваю нацыянальнасць.
Я памятаю, як у дзяцінстве глядзела на сваіх тацешак (пяшчотны зварот да жанчыны сярэдняга веку ў Казахстане — заўв. рэд.), на іх нацыянальны строй. А ён там жывы. Гэта не тое, што ў музеях — гэта тое, што людзі носяць на вуліцах. Я маладая была, насіла кароткія спадніцы, абцасы, нешта такое. І я глядзела на сваіх старэйшых і думала, што ніколі не буду так.
А потым ты глядзіш, а яно такое класнае, яно такое яркае, яно такое вышыванае, ты бачыш, колькі ў гэтым працы. Гэта праўда прыгожа! Купляеш, надзяваеш — яно яшчэ і зручнае!
Тысячагоддзямі людзі стваралі вось гэты крой, вось гэты колер, гэты фасон. І тут гэты нацыянальны строй адрозніваецца ад усяго. Моцна адрозніваецца. Але ў мяне і твар адрозніваецца, і размаўляю я не на добрай польскай. Так што спрабаваць мімікраваць безнадзейна. Казах і ёсць казах.
Пра дзяцей
Малодшы прыехаў у Польшчу, калі яму было пяць. Цяпер яму сем, і ён асіміляваўся, а не проста інтэграваўся. Ён польскае дзіця, якое размаўляе на польскай. Ён пытаецца, чаму мы не ходзім у касцёл. Кажа, што таксама, як усе, хоча Wielkanoc святкаваць. Але ў нас іншая традыцыя.
Старэйшы, якому цяпер 12, паводзіць сябе як дарослы. Ён зараз камунікуе з групай беларускіх дзяцей. Яны сябруюць вельмі, падтрымліваюць адно аднога. Самі сабе арганізоўваюць нейкія гурткі, секцыі. Тыя, што старэйшыя, нават знаходзяць фінансаванне на гэтыя заняткі. Яны малайцы, вельмі разумныя дзеці.
Я радая, што маё старэйшае дзіця сябруе з такімі, ну, праўда, вельмі добрымі дзецьмі. Але гэта замкнёная група, у якой яны размаўляюць толькі на расейскай, і ні пра якую інтэграцыю наогул гаворкі не ідзе. Школа праз сілу. Адзнакі добрыя толькі па інфарматыцы, матэматыцы, а гісторыя, біялогія — чытаем па складах дагэтуль. Усё праз супраціў, праз «я не хацеў з’язджаць». Гэта падлеткавае ўжо.
Для мяне дом усё ж у Казахстане. Калі беларусы тут сумуюць, што не могуць вярнуцца дадому, я магу. Ад гэтага, вядома, лягчэй. Вялікага адчування страты дома ў мяне няма. Ён у мяне ёсць, тамака далёка, 12 гадзін на самалёце. Я магу вярнуцца дадому, але не хачу.
У мяне ёсць дачка Ева, у яе аўтызм. Тут яна вучыцца ў школе, у класе пяць дзяцей і два педагогі. І гэта клас з агульнаадукацыйнай праграмай, бо ў мяне Ева можа вучыцца, яна чытае і піша. Яна не размаўляе, не глядзіць у вочы, не выкарыстоўвае жэсты, з ёй складана камунікаваць. Але калі ў класе два педагогі і пяць вучняў, дзецям даюць тую самую праграму, што астатнім здаровым дзецям. Ева скончыць тую самую школу з тымі самымі ведамі. Ні ў Беларусі, ні ў Казахстане такога няма.
Дзве мовы ў адной
За два гады ў эміграцыі шмат што змянілася, але засталося падвешанае пытанне з прафесійнай рэалізацыяй, я дагэтуль не пацвердзіла дыплом. Вось ужо два гады, жывучы ў Польшчы, я на стадыі вывучэння мовы, зараз ужо медыцынскай польскай. Купіла доступ да платформы, на якой можна рыхтавацца.
Я разумею маўленне, чытаю медыцынскія артыкулы на польскай. Але ёсць свая спецыфіка: у Польшчы замест латыні выкарыстоўваюць пераклад медыцынскіх тэрмінаў на польскую мову. А слоўнік медыцынскай тэрміналогіі — гэта 14 тысяч слоў. Гэта ўзровень не проста ведання мовы — гэта асобная мова. Гэтая ўся асобная мова, на вывучэнне якой у інстытуце аддаецца сем гадоў, цалкам перакладзеная на польскую. Туберкулёз і па-руску, і па-ангельску, і на латыні — туберкулёз, а па-польску — gruźlica.
Але за гэтыя два гады стала зразумела, што нават без пацверджання дыплома і афіцыйнай працы, напрыклад, лекарам у паліклініцы, можна знайсці сябе. Анлайн-кансультаванне вельмі папулярнае. Я — педыятр, нягледзячы ні на што людзі працягваюць нараджаць дзяцей. Вельмі шмат пытанняў можна вырашыць праз анлайн-кансультаванне. Чаго баяцца, чаго не баяцца? Як забяспечыць найлепшы догляд. Навучыць нечаму.
Так што праца ў мяне ёсць. Прычым канца ёй няма — дзеці працягваюць нараджацца. Таму трывога пра будучыню знікае. Не ўдасца пацвердзіць дыплом? Ну, яшчэ год папрацую праз інтэрнэт. Гэта, вядома, не тыя самыя даходы, што ў лекараў. Таксама хачу зарабляць па 100 злотых за гадзіну. Але ў цэлым пражыць можна і так. Усё робячы ў сваім тэмпе.
Пра стаўленне да жыцця
За два гады ў эміграцыі адвалілася вось гэтае адчуванне, таго, што добрае можа скончыцца. Гэта галоўнае адрозненне ад моманту пераезду — з’явіліся планы, з’явілася адчуванне будучыні. А адчуванне таго, што ўсё хуткаплынна і можа знікнуць у любы момант, — вось яно сышло.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное