Лявончык: «Мінус Албанія, а праз нейкі час будзе мінус Сербія і Чарнагорыя»

Сузаснавальнік фондаў ByHelp і BySol Аляксей Лявончык пракаментаваў «Филину» скасаванне бязвізу для беларусаў.

— Адмена бязвізу для беларусаў Албаніяй не звязана з саўдзелам у вайне. Гэта звязана з іх уступленнем у Еўразвяз, — патлумачыў у каментары Филину Аляксей Лявончык. — Апошнім часам у іх больш актыўна ідуць перамовы з ЕС на тле таго, што адбываецца.

Вайна і Трамп паскорылі гэтыя працэсы.

Вядома, што адной з умоў уступлення ў ЕС з'яўляецца поўная сінхранізацыя візавай палітыкі з Шэнгенам. Краіны-кандыдаты вольныя рабіць гэта як хочуць, галоўнае, паспець да фактычнага ўступлення.

Аляксей Лявончык

Напрыклад, Сербія рабіла гэта ў некалькі крокаў: у 2023 годзе яны адмянілі бязвіз для грамадзян Індыі і некалькіх краін Афрыкі, у 2024 годзе — яшчэ для трох краін, і ў гэтым годзе — яшчэ для чатырох.

Гэта ўсё краіны, якія знаходзяцца на візавым спісе ЕС. Дарэчы, у Чарнагорыі засталося 8, а ў Сербіі 6 краін, з якімі ЕС мае візы, а яны не. Сярод тых, што засталіся ў Сербіі, у тым ліку Кітай і Беларусь, з якімі ёсць двухбаковыя пагадненні.

З імі таксама бязвіз будзе скасаваны, бо ЕС нават можа ўвесці візавы рэжым супраць тых кандыдатаў, якія не сінхранізуюць сваю візавую палітыку. То-бок гэтыя краіны могуць самі атрымаць візы, наўрад ці яны гэта захочуць.

Албанія, як бачым, таксама пачала сінхранізавацца. Праўда, я не думаў, што яны скасуюць бязвіз для Беларусі так хутка. Але ж для расейцаў яны адмянілі бязвіз ужо як год, таму ўсё лагічна.

А вось для Сербіі і Чарнагорыі, думаю, беларусы і расейцы будуць апошнімі ў спісе тых, каму ўвядуць візы.

— Якім будзе сацыяльны і палітычны эфект ад такіх рашэнняў у адносінах да беларусаў?

— Калі ў Албаніі не было вялікага сантыменту да беларусаў, то Сербія і Чарнагорыя Беларусь і Расію разглядаюць трохі ў іншым гістарычным кантэксце. Таму я і лічу, што візы ім увядуць у апошні момант.

Калі гэта адбудзецца, сказаць цяжка, але, як я і казаў, вайна і Трамп прыспешылі працэс інкарпарацыі Заходніх Балкан у Еўразвяз. Падчас вялікага крызісу ніхто не хоча заставацца па адным.

Значыць, трэба аб'ядноўвацца. Нават Ісландыя хоча правесці яшчэ адзін рэферэндум аб уступленні ў ЕС, хоць яны толькі фармальна там не знаходзяцца, а з'яўляюцца і членамі Еўрапейскай асацыяцыі вольнага гандлю, і Шэнгену.

Менавіта для беларусаў у выніку такіх працэсаў стане яшчэ менш краін, куды можна выехаць. Любое скарачэнне магчымасцяў для падарожжаў — гэта скарачэнне магчымасцяў для выезду. Гэта кепска.

Тая ж Албанія была далёка не самым дрэнным кірункам для выезду і на адпачынак, і асабліва для тых, хто з'язджаў ад пераследу. І вось такіх краін будзе менш: мінус Албанія, а праз нейкі час будзе мінус Сербія і Чарнагорыя.

Канешне, Сербію пасля выпадку з Андрэем Гнётам я цалкам бяспечнай не назаву, але гэта ўсё ж не Расія і не Казахстан. Усё ж там небяспечна для тых, на кім не вісяць пякельныя крымінальныя артыкулы. Тых, хто ўцякае, скажам, на папярэджанне.

Беларускі ўрад таксама вядзе нейкую палітыку пашырэння бязвізавай геаграфіі, але паспяховай я б яе не назваў. Там, канешне, з'яўляюцца нейкія краіны, напрыклад, нядаўна Кітай. Аднак для нас гэта небяспечная краіна.

— Але гэта вы разглядаеце краіны з пункту гледжання бяспекі для тых, хто ратуецца ад гэтага рэжыму. У самога рэжыму іншыя крытэрыі.

— Так, думаю, што той бязвіз Беларусі для 90 краін мае, у першую чаргу, эканамічную матывацыю, маўляў, прыязджайце да нас траціць грошы, мы адкрытыя для свету, не тое, што гэтая Еўропа. Плюс прапаганда, канешне.

Яны працягваюць абвяшчаць новыя краіны, якія нібыта гатовыя зрабіць бязвіз для беларусаў, але па факце аказваецца пусканне пылу ў вочы.

Напрыклад, нядаўна яны аб'явілі, што Аман і Калумбія пачалі без візаў пускаць беларусаў. Але Аман ужо некалькі гадоў пускаў беларусаў без візаў на два тыдні. А ў Калумбію было вельмі проста атрымаць электронную візу.

— І ўсё ж Сербія — гэта іншае.

— Так, калі Сербія выйдзе з пагаднення аб бязвізе, для рэжыму гэта будзе прыкра.