Тое ж самае выдаленне Кастуся Каліноўскага з нацыянальнага пантэону — таксама ў значнай ступені вынік расійскага ціску. Канешне, тут былі і свае зацікаўленыя сілы: тая ж беларуская царква заўжды вельмі крытычна ставілася да Каліноўскага. Але, відавочна, што асноўны імпульс усё ж быў з боку Расіі.
Ластоўскі: «Не пагаджуся з тым, што беларускія ўлады імкнуцца зрабіць усё максімальна прарасійскім»
Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі ў інтэрв’ю Филину — пра трансфармацыю нацыянальнай гісторыі ўнутры краіны.
Беларуская Рада культуры выпусціла даследаванне пра тое, як дзяржаўная палітыка знішчае нацыянальную памяць беларусаў. Праца з’яўляецца зборам фактаў, сведчанняў, доказаў дзеянняў беларускіх уладаў пасля пратэстаў 2020-га.
Аўтары даследавання прыходзяць да выніку, што беларускі рэжым паставіў сабе мэту пазбавіцца любой магчымасці паўтору пратэснага сцэнара.
Дзеля гэтага яны не супыняюць рэпрэсіі і не супыняюцца ні перад чым. А іх жаданне знішчыць нацыянальную памяць беларусаў шмат у чым прадыктавана ўплывам «русского мира».
Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі не згодны з галоўным пасылам даследавання. Филину ён растлумачыў свой пункт гледжання.
— Цяжка сказаць, што ў беларусаў наогул ёсць такое сфармаванае паняцце як «нацыянальная памяць». У дадзеным выпадку можна хутчэй казаць, што адбываецца не знішчэнне нацыянальнай памяці, а трансфармацыя, агулам памяці і ідэнтычнасці, — лічыць Аляксей Ластоўскі. — Відавочна, што дзяржава сур’ёзна ўзялася за гэту справу і спрабуе рознымі метадамі, часцей за ўсё вось такімі рэпрэсіўнымі, змяніць тое, як беларусы ўяўляюць сваю гісторыю.
Знішчэнне — гэта ўсё ж разбурэнне, пасля чаго нічога на гэтым месцы не паўстае. Але ў дадзеным выпадку я не пагаджуся з такой ацэнкай.
— Аўтары даследавання нагадваюць пра помнікі, якія знішчылі, пра падручнікі гісторыі, з якіх выкраслілі нейкія факты.
— Усё так. Але яны знішчаюць адны помнікі і ставяцца іншыя. І падручнікі перапісваюцца, а не выдаляюцца.
Напрыклад, зараз у падручніках прапісваецца варожае стаўленне да Рэчы Паспалітай як дзяржавы, якая рэпрэсіўна ставілася да мясцовага, на той момант «рускага праваслаўнага насельніцтва», так называлася.
Але калі паглядзець працы беларускіх гісторыкаў, асабліва пачатку XX стагоддзя, таго ж Вацлава Ластоўскага ці Усеўлада Ігнатоўскага, то ў іх таксама негатыўнае стаўленне да Рэчы Паспалітай як да дзяржавы, якая прыгнятала беларусаў.
То-бок часам гэтыя вектары супадаюць. У дзяржавы ёсць жаданне зрабіць з Польшчы ворага, і для гэтага яны бяруць з гісторыі ўсе магчымыя інтэрпрэтацыі, каб іх выкарыстаць.
— Вы ўжо адзначалі, што ідзе моцны ціск з боку Расіі на перафармаванне і стварэнне гістарычнай памяці, якая была б максімальна прарасійскай. Ці гэта азначае, што ў агульнай версіі, да якой прыйдуць, не застанецца нічога нашага беларускага?
— Я па-іншаму расставіў бы акцэнты. Так, адбываецца сур’ёзны ціск з боку Расіі, якая імкнецца ў тым ліку і прасунуць свае версіі інтэрпрэтацыі гісторыі.
Ці яшчэ прыклад: вайну 1812 года зноў пачалі называць «айчыннай». Гэта было даўняе патрабаванне з боку Расіі, якое яны максімальна прасоўвалі. І вось мы бачым, як адбываюцца такія саступкі ў гэтым накірунку.
Але не пагаджуся з тым, што беларускія ўлады ці тыя, хто адказвае за напісанне падручнікаў, імкнуцца зрабіць усё максімальна прарасійскім.
Хутчэй мова ідзе пра спробы нейкага балансавання і выбудоўвання такога канцэпту гістарычнай палітыкі і культурнай ідэнтычнасці, які быў бы, з аднаго боку, неканфліктным з расійскім, але ўсё ж такі самастойным.
Калі мы возьмем падручнікі па гісторыі Беларусі, то там прасоўваецца самастойніцкая, але з апірышчам на інстытуты дзяржавы версія гісторыі.
Я лічу, што беларуская дзяржава спрабуе стварыць такую версію памяці ідэнтычнасці, якую можа стварыць ў вельмі складаных абставінах выжывання ў актуальнай сітуацыі, каб застацца самастойнымі.
Зараз няма магчымасці балансаваць паміж Усходам і Захадам так, як раней, ідзе вельмі моцны прэсінг Расіі. І ў гэтых умовах, як сказаў, даводзіцца максімальна захоўваць лаяльныя стасункі з Расіяй і імкнуцца будаваць нейкі фундамент для ўласнай версіі Беларусі.
Так, нам гэта версія не падабаецца, у ёй у прынцыпе для нас зусім няма месца, але яна ёсць такая, якая ёсць. І тут я падкрэслю яшчэ раз, што ўсё-такі яна беларускацэнтрычная.
Хоць у ёй і зусім па-іншаму расстаўлены акцэнты, у адрозненні ад, напрыклад, нацыянал-дэмакратычнай версіі, бо фактычна ў каштоўнасны падмурак кладуцца каштоўнасці беларускай дзяржавы, якая становіцца дамінантнай і, па сутнасці, вызначае і сэнс гісторыі.
То-бок атрымліваецца, што сэнс беларускай гісторыі — гэта рэалізацыя актуальнай беларускай дзяржаўнасці.
— Што можа атрымацца ад прасоўвання такой версіі, бо мы добра ведаем каштоўнасці сучасных уладаў, якія вызначаюць галоўныя канцэпты беларускай дзяржавы? Дарэчы, у даследаванні асаблівая ўвага надаецца зменам у сферы адукацыі і выхавання дзяцей, дзе адбываецца наогул небяспечная тэндэнцыя мілітарызацыі.
— Пытанне пра тое, што з гэтага будзе, досыць складанае. З аднаго боку, мы маем сітуацыю, калі беларуская дзяржава шмат у чым манапалізавала інфармацыйныя каналы, у тым ліку пад іх поўным кантролем апынулася навучанне ў школе, ва ўніверсітэтах яно становіцца ўсё больш ідэалагічным. Я ўжо не кажу пра СМІ.
Але, з іншага боку, свет змяніўся. Зараз вельмі цяжка кантраляваць доступ да інфармацыі так, як гэта выглядала ў Оруэла.
Аднак нейкія мадэлі паводзінаў з яго рамана, відаць, прыйдзецца запазычыць, напрыклад, «двоемыслие». Вось ты выконваеш нейкія знешнія рытуалы, там, уступаеш у БРСМ, спяваеш гімн на ўрачыстых лінейках, а потым у прыватным жыцці робіш тое, што насамрэч лічыш цікавым для сябе.
І пры гэтым быццам бы захоўваецца палітычная стабільнасць.
Насамрэч моладзь больш жыве ў сацыяльных сетках. Яны там шукаюць сабе забаўкі, адтуль здабываюць веды. Наўрад ці яны будуць глядзець палітызаваныя СМІ альбо чытаць нейкія сухія артыкулы па гісторыі Беларусі.
Таму, мне здаецца, што беларускай дзяржаве будзе складана выхаваць з сённяшняй моладзі такіх адданых служкаў для сваёй таталітарнай машыны, як тое атрымалася, напрыклад, у Паўночнай Карэі.
Бо там зусім іншыя магчымасці, куды іншы кантроль над свядомасцю. Я не ўяўляю, каб зараз у Беларусі атрымаўся падобнага кшталту эксперымент.
Усе гэтыя спробы зрабіць «вінцікі дзяржаўнай машыны» з новага пакалення наўпрост разваляцца з-за таго, што моладзь жыве ў іншым свеце, з іншымі інфармацыйнымі каналамі, з іншымі каштоўнасцямі.
Але тут трэба заўважыць, што і нацыянал-дэмакратычныя арыентацыя, на мой погляд, таксама беларускай моладзі не асабліва цікава. Для іх умоўны канцэрт Макса Каржа куды больш цікавы, чым, напрыклад, прамовы Зянона Пазьняка.
Што нам рабіць у гэтай сітуацыі? Тут выхадаў не так шмат. Лічу, што ў любым выпадку трэба захоўваць сумленнасць, аб’ектыўнасць, навуковасць — вечныя каштоўнасці.
І прасоўваць іх, і ўсталёўваць нармальныя адносіны камунікацыі з тымі, хто ў Беларусі, не зачыняцца ў сваім эмігранцкім асяроддзі.
Ну, і трэба ствараць адпаведныя прадукты, якія сапраўды будуць цікавыя ўнутры краіны.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное