Літаральна кожныя дзве гадзіны, знаходзячыся ва Украіне, мы спускаліся ў бомбасховішча — бо краіна ваюе, ваюе кожную хвіліну.
І тое, што яны зрабілі такую гуманітарную місію — вельмі важна.
Каля 20 былых палітвязняў, якія былі вызваленыя 13 снежня і прымусова вывезеныя ва Украіну, прыехалі ў Вільню. Іх сустракалі родныя, літоўскія і беларускія палітыкі, актывісты грамадзянскіх суполак, журналісты, валанцёры.
Праваабаронца «Вясны» Уладзімір Лабковіч упершыню за больш як чатыры гады ўбачыўся з жонкай і дзецьмі. Таксама, нягледзячы на вялікую стомленасць, ён адказаў на некалькі пытанняў медыя.
— Не ведаю. Гэта цяжкае пытанне, — адказаў ён на пытанне пра самаадчуванне. — Мы ўсе ў такім вельмі ўзбуджаным стане.
Праўда ніхто з нас яшчэ не спаў усе дні з моманту нашага вызвалення. Гэта вялікія эмоцыі, яны не даюць нам магчымасці адпачыць. Я зараз вельмі хачу адпачыць са сваёй сям'ёй. Яны сапраўдныя героі — ім было цяжэй, чым мне, я ў гэтым перакананы.
Мае дзеці доўгі час пражылі без мяне. Дачка вельмі расстроілася: яна пайшла на іспыт, які не магла прапусціць, і не змагла прыехаць сюды. Таму вельмі хачу правесці час з сям'ёй, і спадзяюся, што калегі да гэтага паставяцца з разуменнем.
Хочам сказаць вялікі дзякуй усім тым, дзякуючы каму гэтая аперацыя была праведзеная. Паверце, яна была <зладжаная> на высокім арганізацыйным узроўні.
Асабліва хачу падзякаваць перадусім украінскаму боку, які ўзяўся за гэтую аперацыю і праводзіў яе ў надзвычай цяжкіх умовах.
Літаральна кожныя дзве гадзіны, знаходзячыся ва Украіне, мы спускаліся ў бомбасховішча — бо краіна ваюе, ваюе кожную хвіліну.
І тое, што яны зрабілі такую гуманітарную місію — вельмі важна.
Мы казалі пра гэта і спадару прэзідэнту Украіны падчас нашай відэаканферэнцыі.
У цэлым адчуваю сябе добра — прынамсі пакуль што. Што будзе далей, не ведаю.
Уладзімір Лабковіч папярэдзіў, што не будзе распавядаць аб тым, што адбывалася ў Беларусі, хіба што «агульнымі рэчамі»:
— Таму што я лічу, што ў нас вельмі важны маральны абавязак. Мы ўжо не героі. Героі зараз знаходзяцца за кратамі, у турмах. Героі сёння ідуць у ШЫЗА (таму што сёння працоўны дзень і ў абед будуць працаваць камісіі папраўчых устаноў, якія накіроўваюць у ШЫЗА).
Нам важна, каб людзі як мага хутчэй вярнуліся дадому — таму я буду ставіцца з адказнасцю за кожнае сваё слова.
Праваабаронцу спыталі, ці вядома яму нешта пра Мікалая Статкевіча.
— На жаль, у мяне няма новай інфармацыі. Мы з ім не знаходзіліся ў адной папраўчай установе. Таму мне невядома нічога акрамя таго, што ён адмовіўся пакідаць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і, відаць, быў адпраўлены ў тую ж папраўчую ўстанову, дзе быў дагэтуль.
Я наогул не ведаю, па якой працэдуры нас адпусцілі, свой прававы статус. Ці памілаваны я, ці не — ніхто не паведамляў. Нават не аддалі мой пашпарт.
Таму не магу сказаць, ці анулявалі памілаванне Статкевічу, ці ён быў проста выдвараны з краіны, яшчэ не адбыўшы сваё пакаранне — і адбывае яго зараз.
У Лабковіча забралі не толькі дакументы, але нават чыстыя аркушы паперы:
— Увогуле нічога няма. Нават чысты сшытак забралі, патлумачыўшы, што яны баяцца, маўляў, я, як Ленін, мог там напісаць малаком.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное