Крысціна Дробыш: «Што дае гэтаму агеньчыку не згаснуць? Антыдэпрэсанты, канешне»

Былая акторка Купалаўскага тэатра Крысціна Дробыш распавяла, як знаходзіць сілы для працы, і патлумачыла, навошта агучваць кнігі на беларускай мове.

Акторка агучвае творы ў выдавецтве Беларускія аўдыякнігі ўжо некалькі год — яе голас гучыць, да прыкладу, у беларускай версіі «1984» і ў дзіцячых кніжках Андрэя Хадановіча «Нататкі таткі» і Людмілы Рублеўскай «Прыгоды Мышкі Пік-Пік», у аўдыякнігах Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» і «Цынкавыя хлопчыкі», «Людзях на балоце» Івана Мележа ды многіх іншых.

— Жаданне і матывацыя рабіць тое, што я раблю, мацней за тыя пабочныя абставіны і камяні, каторыя ляцяць. Мне вельмі важна, жыццёва важна пакінуць штосьці пасля сябе, — тлумачыць Крысціна, чаму працягвае займацца агучкай, калі свет, падаецца, ляціць у тартарары, – распавяла Крысціна Дробыш на канале ЧестнОК-LIVE.

«Пачакай яшчэ гадоў 10 — і паглядзі, што будзе»

— У тэатры ў свой час былі бясцэнныя моманты, калі ты выходзіш на сцэну і бачыш людзей, каторыя сочаць за кожным тваім рухам. А потым кажуць, што задумаліся над тым і над тым-та — то бок, ты чапляеш штосьці большае ў людзях.

А з кніжкамі адбываецца такая гісторыя: на нейкай імпрэзе падбегла да мяне дзяўчынка, якая дужа робіць дзіцячыя кніжкі, зробленыя намі. І на чысцюткай беларускай мове пачала расказваць, якія кніжкі яна любіць…

Я ачмурэла ад гэтага: чалавечак вырас на кніжках, якія я раблю для дзяцей кожны дзень, яна размаўляе на беларускай лепш, чым большасць дарослых, каго я ведаю, і для яе гэта натуральна. Было проста да дрыжыкаў.

Дзеля такіх момантаў варта рабіць. У стане штодзённай маленькай працы, у літаратуры, якая ніколі не прыносіць грошай, у якой ніколі не будзе больш праслухоўвання, чым у любой песні Naviband. Бо гэта аўдыякніга на беларускай мове, больш вузкай сцяжынкі складана знайсці. Але калі ты разумееш, што на гэтым растуць цэлыя людзі, — уявіце?

Як сказаў мой калега: вось глядзі, калі здарыліся 90-я і быў выбух беларускасці, беларускамоўнасці і ўсяго беларускага — вырасла цэлае пакаленне. Кажа, пачакай яшчэ гадоў 10 — і паглядзі, што будзе.

Вось, напэўна, гэта матывуе. Гэта выклік і сабе, і гіпатэтычная важнасць: паглядзець, што з гэтага выйдзе, калі я не кіну справу.

«Ты зараз устаеш, ідзеш і робіш, а потым мы разбяромся»

— Што дае гэтаму агеньчыку не згаснуць? Антыдэпрэсанты, канешне. Я мо тры гады сяджу на антыдэпрэсантах, і не саромеюся казаць пра гэта. Калі ў 2020-2021 годзе я лічыла, што маладая, моцная, усё магу — то потым настаў той час, калі нічога не магла.

Не магла ўстаць з ложка, не разумела, навошта мыцца, што сілаў нуль і гэтак далей. Добра, што сярод вучаніц на сцэнічным маўленні ў мяне была псіхіятарка, якая заўважыла гэты момант і спытала, ці не збіраюся я больш дапамагчы сабе.

І па-другое, што дапамагае — сын. Каб яго не было, мяне б і тут не было. Ён тая прычына, па якой прыходзіць унутраная Крысціна, навісае зверху і дыктуе: ты зараз устаеш, ідзеш і робіш, а потым мы разбяромся.

— Мы робім цяпер «Каласы пад сярпом тваім», і мне прыйшоў бажэственнай сілы водгук пару дзён таму. Жанчына, адзіная беларускамоўная ў сваёй сям’і, выхоўвае сваіх дзяцей на беларускамоўных дзіцячых кніжках, якія мы робім — а ейны цалкам рускамоўны муж слухае «Каласы…» і плача. І я такая: рабяты, вось мне вагон сіл, каб ісці і рабіць далей, я пайшла.

«Бо куды ж без гумарку»

Гаворачы пра свае ўлюбёныя кнігі, якія параіла б прачытаць кожнаму беларусу, Крысціна назвала тры сучасныя: «Час пустазелля» Ганны Янкуты, «Ад двух да пятнаццаці: мая мама ў турме» Вольгі Вялічкі і «Я прыду за табой у аўгусце» Камілы Цень.

— Першая з іх стала для мяне тэрапеўтычнай пасля 2020 года, было адчуванне, што чытаю чыйсці асабісты дзённік. «Ад двух да пятнаццаці» — гэта разрыў сэрца, не ведаю, якіх высілкаў Волі каштавала напісаць, але абавязкова трэба гэта прачытаць.

А трэцяя — бо куды ж без гумарку. Ніхто не ведае, хто такая Каміла Цень — але я проста рагатала ў галасіну, бо там — суседка цёця Валя, працуе кантралёрам-кандуктарам, а яе сын нешта «балуецца беларускамоўнасцю».