Класкоўскі: «Немагчыма зрабіць з Лукашэнкі ліберала, дэмакрата, немагчыма цалкам адцягнуць яго ад Расіі. Але пэўныя зрухі могуць быць»

Палітычны аглядальнік — пра тое, з якіх прычын можа змяніцца рэжым у Беларусі. Ціск, дыялог ці новае народнае паўстанне?

Вызваленне Сяргея Ціханоўскага — прадуманы крок альбо пралік рэжыму? Як беларускае грамадства сёння рэагуе на заклікі, ці ўдасца Ціханоўскаму абудзіць беларусаў і што працуе на вызваленне палітвязняў — санкцыі ці дыпламатыя, — разважае палітычны аналітык інфармагенцтва Позірк Аляксандр Класкоўскі.

— Пакуль што і сама эйфарыя пасля выхаду з-за кратаў, і мітынгі салідарнасці падштурхоўваюць да пракламавання лозунгаў — па загалоўках разышлася гучная фраза Ціханоўскага «Я зламаю рэжым», — зазначае Класкоўскі ў каментары Еўрарадыё. — Але ж думаю, што гэтая эйфарыя пройдзе і рубам паўстане пытанне, якім чынам.

Аляксандр Класкоўскі

 

Пакуль што Ціханоўскі інтрыгуе яшчэ болей, кажа, што збірае каманду. Зрэшты, актыў гэты нешматлікі. Кажучы наўпрост, давядзецца ўступаць у канкурэнцыю з іншымі апазіцыйнымі лідарамі, і могуць быць пэўныя «цёркі», сутыкненне амбіцый, палітычная рэўнасць.

Калі шчыра, мне здаецца, што немагчыма прыдумаць нейкую цудадзейную стратэгію, каб гэты рэжым цяпер пахіснуць і тым болей зваліць. Не тая сітуацыя — цяпер сітуацыя рэакцыі, дзяржаўнага тэрору, калі «рэпрэсняк» доўжыцца і не спыняецца. Зрабіць нешта можна толькі ўнутры Беларусі — на мой погляд, сёння гэта нерэальна. Зрэшты, пабачым.

Жыццё працягваецца, і людзі разумеюць, што трэба жыць тут і цяпер, зазначае аналітык, таму значная частка беларусаў адышла ад палітыкі і пагрузіліся ў паўсядзённыя клопаты.

— Сядзець, абхапіўшы рукамі галаву, і гараваць, што ў нас не выйшла рэвалюцыя, увесь час немагчыма. І зноў ісці на барыкады — таксама. Звычайныя людзі — яны ж не камікадзэ. Тым больш што беларусы збольшага рацыянальныя, у іх партызанская натура.

Дубінкі, вядома ж, не прымусілі ўсіх любіць рэжым. Многія людзі проста сціснулі зубы і спадзяюцца, што прыйдуць іншыя часы, будзе нейкае акно магчымасцяў. Але сёння кідацца бяззбройнымі на амбразуру абсалютна неразумна.

Калі ўнутры краіны пратэсны патэнцыял фактычна закатаны ў асфальт, то што можна зрабіць звонку? Разважаючы над тым, які шлях стасункаў з рэжымам Лукашэнкі больш эфектыўны — ціск альбо дыялог, — аналітык кажа, што «да гэтага пытання трэба падыходзіць дыялектычна».

— З аднаго боку, калі б не было санкцый, то не было б і магчымага «перніка» для Лукашэнкі. З іншага — вось Еўропа рыхтуе 18-ты пакет санкцый. Яны ствараюць пэўны дыскамфорт рэжыму, але ж хіба Лукашэнка ў адказ на гэты ціск нешта зрабіў? Пакуль Трамп і трампаўская каманда з ягоным нестандартным падыходам не пачалі сваю гульню, то такіх гучных вызваленняў не было.

На маю думку, рэалістычны шлях — у спалучэнні ціску і дыпламатыі. Каб паказваць Лукашэнку нейкую пакрокавую стратэгію (а ён хоча выйсці з ізаляцыі, аднавіць гандаль з Еўропай, узмацніць сваю палітычную суб’ектнасць).

Санкцыі — гэта не фетыш, не карга-культ, на які трэба маліцца і яго абсалютызаваць, а двухбакова востры інструмент, яго можна выкарыстоўваць і так, і так. Як нож, які бяруць для забойства альбо каб парэзаць кілбасу і зрабіць смачныя бутэрброды.

Заклікі ўзмацняць санкцыі — нерэалістычныя. Яны павісаюць у паветры, таму што істотна ўзмацніць іх Еўропа не можа. І калі экспарт у Еўропу абваліўся, то імпарт з яе ў Беларусь ідзе, ён нават трошкі пабольшыўся ў параўнанні з 2019-2020 годам.

Таму абмежаванні б’юць і па інтарэсах еўрапейскага бізнесу, выклікаюць незадавальненне часткі электарату. Плюс, яны ж дзіравыя. Ёсць Кітай, ёсць краіны БРІКС, якія дапамагаюць рэжыму. Адзіны бачны эфект ад санкцый на сёння — тое, што Беларусь трапляе ва ўсё большую залежнасць ад Расіі. Словам, гэта пытанне вельмі няпростае, і санкцыі я не стаў бы абсалютызаваць.

А вось калі спалучаць адно з другім, калі пачала працаваць амерыканская дыпламатыя (як высвятляецца, ужо год ці нават болей, яшчэ пры папярэдняй адміністрацыі), цяпер болей зразумела, чаму летась адбывалася столькі хваляў выпуску палітычных зняволеных. Гэта ўжо этапы пэўнага працэсу.

Наколькі далёка ён пойдзе, сказаць цяжка, бо Лукашэнка, мякка кажучы, чалавек няшчыры і можа «кінуць». Але ёсць шанец: калі яго ўцягнуць у гэтую гульню, ён будзе мець пэўны стымул і трошкі зменшыць рэпрэсіі.

І, самае галоўнае, на волю выйдуць людзі. Будуць выратаваныя тыя, у каго ўжо падарванае здароўе і хто можа памерці за кратамі. Паспрабаваць, ва ўсякім разе, варта. Тут не будзе цудаў: немагчыма зрабіць з Лукашэнкі ліберала, дэмакрата, немагчыма цалкам адцягнуць яго ад Расіі. Але пэўныя зрухі могуць быць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)