Женщины

Марына Міхайлава

«Каб яшчэ была нармальная ўлада, якая дае развівацца бізнесу, жылі б не горш за Польшчу. А тое і лепей»

Тры СІЗА да выхаду на волю, тры краіны да бяспечнага месца, дзе давялося будаваць новае жыццё, трэці год у эміграцыі — але з любоўю і верай у Беларусь. Мінчанка Вольга Скрашчук распавяла «Салідарнасці», як чытала за кратамі «экстрэмісцкія» кнігі і чаму беларускія вязніцы — не для жанчын, чаму цяпер не баіцца дзяржаўных устаноў і ці торгаюць флэшбэкі, пра беларусаў, якія дапамагаюць адно аднаму ў замежжы і пра тое, чаму нельга апускаць рукі.

Вольгу арыштавалі ў верасні 2021 года — за два каментары па «справе Зэльцара». Сілавікі вылічылі беларуску, нягледзячы на выкарыстанне VPN і ананімнасць — і «ўзялі» на вачах сына-дашкольніка. Больш як год яна чакала прысуду — 2 гады калоніі за нібыта «абразу прадстаўніка ўлады» і «распальванне варажнечы». Але па факце ў калонію не трапіла, бо цалкам адбыла тэрмін у трох СІЗА: Жодзіна, СІЗА ў Мінску на Валадарскага і Гомель.

Зрэшты, беларускія ўлады не далі жанчыне жыцця і пасля вызвалення. Але новыя абвінавачанні і арышт часткі нерухомасці адбываюцца ўжо завочна — узімку 2023 года Вольга з сям’ёй тэрмінова з’ехалі ў Беларусі. Цяпер яны ў Польшчы, дзе праца, школа і, галоўнае, адчуванне бяспекі і спрыяльных умоў для сваёй справы.

Усе фота з асабістага архіву Вольгі Скрашчук

«Жодзіна – самае цяжкае месца зняволення, там няможна знаходзіцца жанчынам»

— Мяне не «адпусціла» турма, — прызнаецца Вольга. — Бо не пакараныя людзі, якія ўчынілі ўсю гэтую дзікасць. Помню вельмі падрабязна і твары выканаўцаў, і тое, што яны казалі і што рабілі. Падаецца, што гэты траўматычны адбітак ужо застанецца на ўсё жыццё.

Мы ж усё-ткі думалі, што ў нас цывілізаваная краіна, Еўропа — а тут такое адбылося, многія беларусы нібыта трапілі ў 37-ы год, у засценкі НКУС. Гэта цалкам перакульвае ўяўленне пра тое, дзе ты жывеш.

Вольга, у мінулым супрацоўніца банку, цяпер з іроніяй называе сябе «эксперткай па СІЗА». Згадвае, што найгоршым з усіх сталася СІЗА Жодзіна:

— У крытую турму Жодзіна людзей адпраўляюць за цяжкія артыкулы: забойствы, «чорныя рыэлтары», вялікая колькасць сядзелі за наркотыкі. Да таго ж там адбываюць пакаранне тыя, хто асуджаны пажыццёва, і хто чакае вышэйшай меры пакарання. І сюды ж саджаюць, напрыклад, жанчыну, якая ў краме прадукты скрала. Як так?

На маю думку, гэта самае цяжкае месца зняволення, і там увогуле няможна знаходзіцца жанчынам — ніякім наогул, ні злачынцам, ні тым болей невінаватым.

Самае нармальнае — СІЗА на Валадарскага, дзе большасць знаходзяцца «транзітам» у чаканні суда. Дый Гомель, я там правяла 1,5 месяцы — нармальнае месца, нават для ўжо асуджаных там больш не пакаранне, а проста ўтрыманне.

У жодзінскім СІЗА, кажа беларуска, вязняў пазбаўлялі ўсяго, чаго маглі: сродкаў гігіены, душа, сну, цішыні (замест яе ўключалі пасланне Лукашэнкі да ВНС). Пра медыцынскую дапамогу былая палітвязынка расказвала асобна — і гэта не для ўражлівых.

Псіхалагічныя і саматычныя наступствы зняволення Вольга адчувае да сёння. Парушыўся рытм сэрца — трэба піць лекі, каб яго ўнармаваць. А дэпрывацыя сну (Вользе і яе сукамерніцам, затрыманым па «справе Зэльцара», агулам не давалі нармальна спаць 50 сутак) вылілася ў бяссонніцу, перамагчы якую пакуль не атрымліваецца.

— Бывае, а другой ночы спісваемся ў чаце з дзяўчатамі-сяброўкамі, з кім сядзелі разам: маўляў, не спіцца, і мне таксама. І галоўнае, ніхто не перапытвае, чаму.

Калі засынаю, часта бачу сны аб Беларусі. Апошні такі сон — быццам я ў краіне, сяджу дома ў бацькоў і думаю: трэба бегчы, бо зараз па мяне прыедуць, столькі ўжо тых завочных прысудаў! Прачнулася — сэрца тахкае недзе ў галаве, настолькі страшна. Такія флэшбэкі час ад часу здараюцца, хоць перыядычна праходжу тэрапію з псіхолагам.

Але за кратамі здараліся і светлыя моманты. І гаворка нават не пра святы (хоць іх вязынкі таксама ладзілі, гатуючы з каржоў ды згушчонкі торт, альбо збіраючы святочны стол з прысмакаў, якія змаглі перадаць родныя).

— Мяне ўразіла, што на Валадарцы даставала кнігі, прызнаныя «экстрэмісцкай літаратурай». Бо на Жодзіна, каб вы разумелі, бібліятэка — Юлія Шылава ды Данская, такога кшталту кніжкі. Вынас мозгу, і больш нічога не замовіць. А ў СІЗА на Валадарскага бібліятэка зусім іншая.

Помніце, улады арыштавалі на мяжы наклад кнігі «Сабакі Еўропы» Бахарэвіча, а потым прызналі «экстрэмісцкай». І тут — мне прыносяць гэтую кнігу на беларускай мове! Потым прачытала «інаагента» Акуніна, «Ардынскі перыяд», і Салжаніцына «У крузе першым», шмат чаго. Адарвалася ўжо як след.

«Сын нават сёння просіць: мама, правер дзверы, ці замкнёныя»

— Помніце, як даведаліся пра пачатак вайны?

— Мы сядзелі тады з Анжалікай Борыс у камеры, дзе быў тэлевізар. І калі мы ўбачылі навіны пра ўторгненне — шчыра кажучы, не паверылі спачатку, падавалася, што гэта нейкая прапаганда.

Плакалі моцна. У першыя дні наогул нічога не было зразумела, і нам нічога не казалі. А на вуліцы дзяўчатам наогул уключылі гімн «Свяшчэнная вайна». Усе былі ў такім шоку, што адна за адной камеры пачалі адмаўляцца ад ежы, каб нам распавялі, што адбываецца.

О, як раскрычаліся ахоўнікі — гэта ж бунт на караблі! Адзінае, што пасля гэтага перасталі чапляцца да «палітычных», тасаваць па камерах, тузаць, што не так сядзім, не так стаім — ад нас адсталі.

Потым даведаліся: так, ва Украіне пачалася вайна. Але не было зразумела, у якім стане беларусы, ці будуць ваяваць. За родных было вельмі страшна. Мы сталі пісаць ім лісты, маўляў, з’язджайце, ратуйце дзяцей — мы ўжо напэўна не выйдзем адсюль. Але сваякі, прынамсі дзяўчат, з кім я сядзела ў камеры, адказалі, што ніхто нікуды з іх не паедзе, і што нас дачакаюцца.

— Як перанеслі зняволенне вашы блізкія? Сыну ж было ўсяго 6 год, як вас затрымалі…

— Цяжка ім далося, канешне. Муж стаў увесь сівы. Сын, хоць і працаваў з псіхолагам, нават сёння просіць: мама, правер дзверы, ці замкнёныя. А калі нас яшчэ няма і яму трэба класціся спаць, зачыняецца ў сваім пакоі на ключ. «Чаму ты гэта робіш?» — пытаюся. — «Бо тады яны нас не дастануць». Для яго зачыніцца — гэта быць у бяспецы.

Калі я яшчэ была ў турме, ён вельмі сумаваў, нудзіўся: «Колькі мне будзе, калі мама вернецца?». У мяне ўжо хутка сканчаўся тэрмін, як сын моцна захварэў, ці то грып, ці то ковід, з ускладненнямі. Адно лёгкае адмовіла, ён трапіў у рэанімацыю. Мая мама прыехала да яго, дактары здзівіліся: «Чаму бабуля, дзе твая мама?». Яна расплакалася, сказала, што мама ў турме.

Лекары забяспечылі сыну найлепшы нагляд: кансіліумы, асобная палата, увесь час прыходзілі, падтрымлівалі. Хачу сказаць усім ім вялікі дзякуй, што так аднесліся і што ўратавалі майго сына. Для мяне гэта яшчэ адно сведчанне, што салідарнасць беларусаў — не проста словы. Бо ў шпіталі ўсе ўсё разумелі.

«Наша краіна навучыла баяцца ўсяго дзяржаўнага»

Рашэнне з’ехаць сям’я Вольгі прыняла літаральна адным днём. Знаёмыя, таксама былыя палітвязынкі, распавялі: кожную з іх паставілі на прафілактычны ўлік, роўны адбытаму тэрміну, і далі паперку з забаронай на выезд на гэты час. Дый стан сына, які яшчэ не акрыяў пасля шпіталю і карыстаўся інгалятарам, пакідаў жадаць лепшага.

Вольга з мужам вырашылі не чакаць ні ўскладненняў, ні магчымых новых абвінавачанняў — сабралі рэчы і пакінулі Беларусь.

— Мы ехалі праз Расію ў Арменію, а адтуль самалётам у Грузію. Там я вадзіла сына па гарах, каб ён дыхаў гэтым чыстым паветрам. І лекарам, якія тэлефанавалі спытаць, як ён, і міліцыі, якая пачалі шукаць мяне ў сваякоў, адказвалі: павезлі дзіця ў санаторый.

Думалі нават застацца, бо ў Тбілісі вельмі падабалася. Але задумаліся пра вучобу сына, маю працу, як будзем усе вучыць складаную грузінскую мову — і вырашылі, што Польшча ўсё ж пасуе больш. Муж працаваў дыстанцыйна, адкладаў грошы, каб зняць жытло і неяк адаптавацца першы час, праз Беларускі дом у Варшаве зрабілі польскую візу, дый выехалі.

Больш як паўгады сужэнцы наведвалі бескаштоўныя курсы польскай мовы для бежанцаў, потым дадаткова займаліся з рэпетытаркай граматыкай. Цяпер Вольга шмат слухае падкастаў, стасуецца з палякамі па працы, і гэта дае істотны плён. Малы ж наогул засвоіў мову лепей за ўсіх, «нават акцэнту ўжо не адчуваецца».

— Сын пайшоў у польскую школу. Гэта было іспытам, — зазначае Вольга, — бо ў Беларусі ўсяляк пазбягалі мець справу з дзяржаўнымі ўстановамі: садкамі, школамі, паліклінікамі і г.д. Дзякуй богу, муж працаваў у ІТ, то была магчымасць і сродкі аддаць малога ў прыватны дзіцячы садок.

Потым пачалі «зачышчаць» прыватныя школы. І сын аднойчы ў роспачы выдаў:  маму забралі ў турму, школу зачынілі, — «усё ўжо забралі, што далей? Тата, і цябе пасадзяць?»

І тут мы таксама ўсяго дзяржаўнага баяліся. Раптам прыйдзем — а там нацыяналізм, булінг, што ты не паляк, чужынец. Але ўсе моманты, якія былі, вырашыліся, ніякіх пытанняў і прэтэнзій сёння няма. У сына шмат сяброў-палякаў, на святы адзін да аднога ходзяць у госці.

Адно з найлюбімейшых месцаў Вольгі ў Варшаве: Вілянаўскі палац і парк каля яго

Стасункі з польскай дзяржаўнай медыцынай таксама зусім іншыя, чым у Беларусі, дзе загадзя ведаеш: вялікія чэргі, лекараў няма, з вузкімі спецыялістамі бяда.

Тут жа мы былі куплялі прыватную страхоўку, але зараз гэта вельмі дорага, адмовіліся.

Нядаўна сын падхапіў нейкі вірус — і прыйшлі мы ўпершыню па NFZ (нацыянальны фонд аховы здароўя — С.) у дзяржпаліклініку. Дык тэрапеўтка і ўсе аналізы зрабіла, і ў шпіталь накіраванне выпісала, і потым тэлефанавала дадому, як малы сябе адчувае. У шпіталі агледзелі, выпісалі антыбіётыкі, якія ў аптэцы далі бескаштоўна.

Мы селі з мужам і разважаем: наша краіна так навучыла баяцца ўсяго дзяржаўнага, бо ў дзяржустановах ці будуць хаміць, ці не акажуць належнай дапамогі, ці яшчэ нешта — а тут маем, прынамсі пакуль што, толькі станоўчы досвед.

«Шмат з кім працую, але беларусы самыя любімыя»

— Кажуць, што і для бізнесу ўмовы ў Польшчы нашмат больш спрыяльныя?

— Усё можна адчыніць за адзін-два дні, без стрэсу. Калі ў цябе бухгалтар, ты ў час падаеш усе дакументы і плаціш падаткі, пенсійныя адлічэнні, ZUS — цягам першых двух год падатковая з праверкамі не прыходзіць.

Яшчэ ў 2023 годзе Вольга Скрашчук разам з экс-палітвязынкай Вольгай Рытус стала сузаснавальніцай хостэлу O2H. Потым шляхі кампаньёнак разышліся, але справу з хостэламі наша суразмоўніца вырашыла працягваць.

— Спачатку гэта былі вельмі недарагія хостэлы, для людзей, у якіх няшмат грошай. Проста, каб зайсці на гэты рынак і паглядзець, як усё працуе, якія ёсць падводныя камяні. Потым мне захацелася выйсці на вышэйшы ўзровень, стала шукаць памяшканне большае па памеры, больш утульнае.

Гэты хостэл адчыніўся нядаўна

Сёння ў мяне два хостэлы, у іх ужо свае лазенкі, лепшыя ўмовы для пражывання. Праз агульных сяброў пазнаёмілася з жанчынай, таксама былой палітвязынкай — цяпер мы каляжанкі. Бо адной з усім спраўляцца, і працаваць з людзьмі, і выконваць усе адміністрацыйныя працэдуры, і дбаць пра бяспеку цяжка. За мінулы год я вельмі стамілася.

Хостэлы, кажа Вольга — гэта збольшага камерцыйны праект. Але ж без валанцёрства ўсё адно не абыходзіцца. Цяпер яна дапамагае украінцы з дачкой, якія беглі пад памбёжкамі з Дняпра: знайшлі неабходныя рэчы, прадукты, вопратку і грошы на першы час, жанчыну ўзялі на працу ў хостэл.

— Калі атрымліваецца, украінцам дапамагаем заўжды, чым можам. Але ж хостэлы — бізнэс цяжкі ў тым плане, што часам бачыш столькі болю і несправядлівасці, і не ведаеш, як гэта вывозіць…

Але ж я планую працягваць. Падалася ў праграму падтрымкі прадпрымальнікаў на пошук фінансавання, каб атрымаць датацыю ад дзяржавы, скласці бізнес-план і пашырыцца яшчэ. Бо нерухомасць і ежа — напэўна, самыя перспектыўныя сферы, якія заўсёды будуць запатрабаваныя ў мегаполісах.

А калі зусім ужо далёка зазірнуць — ёсць у планах і вытворчасць. Я шыю добра, яшчэ ў Беларусі марыла вучыцца і стаць дызайнеркай, але тут мяне пасадзілі. І ўсё ж мара засталася, калі ўсё складзецца, хачу рэалізаваць задумку ў швацтве.

— То бок, пытацца пра тое, што матывуе не апускаць рукі, калі робіцца цяжка, не варта — бо рукі ніколі не апускаюцца?

— Ведаеце, як казала Коко Шанэль — усё ў нашых руках, таму не трэба іх апускаць.

Калі дзяржава стварае ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва, робіць больш простымі і зразумелымі бюракратычныя рэчы, падтрымлівае, у тым ліку грашова, калі ты можаш сябе рэалізоўваць, бачыш вынікі працы, калі ў цябе не забіваюць жаданне рухацца далей — хочацца спрабаваць і гэта, і гэта, і тое.

А ў таталітарызме, дзе крок налева, крок направа — турма, якое будзе жаданне? Каб ад цябе адчапіліся, сядзець ціха пад плінтусам ды не адсвечваць.

Таму вельмі важна, каб дзяржава была да чалавека адкрытая, давала сваім грамадзянам паветра і прастору для развіцця. Беларусы ж вельмі працавітыя, адукаваныя, таленавітыя. Я сутыкаюся з рознымі нацыямі, шмат з кім працую — аднак беларусы самыя любімыя.

Так, могуць быць у нас і спрэчкі, і «бульбасрачы». Але вось мы працуем разам з былым палітвязнем-беларусам, які тут адчыніў клінінг — і я ведаю, што ўсё будзе добра, і прыбяруць як след, і не падмануць па грашах.

Дый палякі, якія ставяцца да замежнікаў вельмі па-рознаму, калі чуюць, што ты беларус — усе дзверы адчыняюць. Прыемна, што ў нас такая рэпутацыя, нягледзячы на тое, што рэжым Лукашэнкі і зрабіў нашую краіну суагрэсарам.

«Аб’ектыўна, Беларусь — не горшая краіна для жыцця»

— Ці я сумую па Беларусі? Так, канешне. Не магу нават глядзець фота ўлюбёнага Мінска, горада, дзе нарадзілася і жыла. Сумую па людзях, з якімі разарваныя сувязі, па сваіх улюбёных месцах… Напэўна, тых месцаў, якія для нас з мужам былі асаблівымі, ужо і не засталося такіх, як мы іх помнім. А заўтра гэта ўжо будзе зусім іншы горад. І ўсё адно — сумую страшна.

Эміграцыя моцна сцірае памяць: ты прыязджаеш, і хто ты, што ты, дзе ты вучыўся, дзе жаніўся — усё губляецца. Трэба пачынаць сваю гісторыю з чыстага ліста.

За час, што мы тут жывем, я палюбіла і Варшаву, яна здаецца ўжо другім родным горадам. Кажуць, за пяць гадоў чалавек наогул асімілюецца цалкам. Не ведаю, ці так гэта. Але запытваюся ў людзей, якія ў эміграцыі ўжо два, тры гады і болей, ці вернуцца яны — многія адказваюць: мабыць, не. А калі пройдзе 10-15 год, колькі такіх стане?

З іншага боку, мяркую — хто з’ехаў па эканамічных прычынах, на заробкі, праз санкцыі — збольшага вернуцца, калі сітуацыя зменіцца. Бо аб’ектыўна, Беларусь — не горшая краіна для жыцця. У нас класная прырода, класныя людзі з вялікім патэнцыялам. Каб яшчэ была нармальная ўлада, якая прыцягвае інвестыцыі, дае развівацца і малому, і сярэдняму бізнесу — мяркую, мы б жылі не горш за Польшчу. А тое і лепей.

Але сёння цяжка разважаць, калі мы зможам вярнуцца (ці нават проста свабодна наведваць родных), у якіх умовах гэта будзе. Пакуль — вось так. У будучым — хто ведае, можа, тыя, хто застанецца жыць у еўрапейскіх краінах, будуць дапамагаць наводзіць масты паміж Еўропай і Беларуссю.

Адбудоўваць новую Беларусь, мне падаецца, будзе ўжо моладзь, якая зусім іншая, па-іншаму думае. Мы толькі запусцілі ў 2020 годзе гэтую плыню.