Гісторык: «Плынь была занадта моцная, каб яе можна было проста так з канцамі высушыць»

Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч — пра спадчыну 2020-га.

— Пяць гадоў таму я шчасліва пазбег пакутаў вызначэння паміж «старой» і «новай» апазіцыяй, бо для мяне да таго часу такога пытання не існавала, — піша Аляксандр Пашкевіч. — Усё было мной прадумана і пераасэнсавана за шмат гадоў да таго.

Аляксандр Пашкевіч

І тое, што ў традыцыйнай беларускай апазіцыі няма шанцаў выйсці «за сцяжкі», а драйву працэсу надаць могуць толькі новыя людзі і структуры, для мяне як мінімум гадоў за 10 да пачатку пратэстаў 2020-га было практычна аксіёмай.

Таму калі такія людзі з’явіліся, працэс пайшоў і грамадства загарэлася — у мяне не ўзнікала пытання, быць у гэты момант з народам ці добраахвотна заставацца ў гета.

читайте также
читайте также Марафон сквозь ночь

Адзінае толькі — ніяк не думаў, што гэты момант адбудзецца менавіта падчас выбараў 2020 года: яшчэ ў пачатку гэтага самага года быў упэўнены, што яны будуць прахаднымі і тэхнічнымі, як у 2015-м.

«Ненацыянальнасць», небеларускамоўнасць і неантырасійскасць «новай апазіцыі» мяне ані не бянтэжыла. Бо я быў у курсе, што пераважная большасць беларусаў расейскамоўныя (маладзейшыя — нават далёка не ў першым пакаленні) і не толькі не вызнаюць, але нават паняцця не маюць пра эталонныя каштоўнасці беларускага нацыяналізму.

Плюс — я добра ведаў таксама і з гісторыі, і з досведу суседзяў, што і навучанне мове, і прышчапленне каштоўнасцяў не вузкім асяродкавым групам, а шырокім масам — працэс вельмі працяглы.

Ён расцягваецца на пакаленні, а для свайго поспеху патрабуе намаганняў не толькі прыдушанай грамадзянскай супольнасці, але таксама застасавання магчымасцяў школы ды іншых магутных інструментаў, якія знаходзяцца ў руках дзяржавы.

То-бок адкладанне паўстання ў часе нейкіх істотных пераваг не дае — пры захаванні статус-кво і праз 10, і праз 20, і праз 50 гадоў грамадства не будзе ў масе сваёй апантаным эталоннымі каштоўнасцямі беларускага нацыяналізму.

Максімум, чаго можна дасягнуць — толькі яшчэ крыху пашырыць колькасна нешматлікія ў маштабах грамадства асяродкі. Што ў прынцыпе немалаважна, вядома, але зусім-зусім прынцыповага значэння не мае.

А паколькі ніякай тэхнічнай магчымасці замяніць гэта беларускае грамадства на нейкае іншае ў прыродзе няма, то заставалася толькі адно — прымаць тое, якое ёсць, і спрабаваць нешта сумесна рабіць з ім.

З неба ж альтэрнатыва не ўпадзе, колькі ні чакай. Разуменне і прыняцце гэтага стану дазволіла мне пазбегнуць усялякіх кагнітыўных дысанансаў і ў пэўны час нязмушана і без згрызот уліцца ў агульны працэс, прытым застаючыся самім сабой, не ахвяруючы нават дробнай часцінкай уласных поглядаў ці нават ідэнтычнасці.

Цудоўна ведаю, што гэта быў не мой індывідуальны прыклад, падобны выбар тады са спакойнай душой рабілі многія іншыя людзі з падобнага да майго бэкграўндам.

І іх удзел і далучэнне найбольш прыкметна ўвасобіліся ў тым ліку ў тым, што ўсяго за пару месяцаў агульнапрызнанай сімволікай пратэстаў стала не якая-небудзь іншая, а нацыянальная. Ну і іншыя праявы палітычнай і нацыянальнай адукацыі ў працэсе былі і ёсць несумненныя.

Увогуле тыя дні ўспамінаюцца з надзвычайнай цеплынёй. У мяне ніколі не было перад тым такога адчування незвычайнай еднасці са сваім народам, прытым еднасці не разбуральнай, а стваральнай, заснаванай на самых найлепшых пачуццях.

Плынь, якая шмат гадоў цякла пад лёдам і не была бачная, вырвалася на паверхню і паказала ўсяму свету, і нам самім у тым ліку, што беларусы могуць быць і такімі.

Так, утаймаванне гэтай плыні ды заганянне яе пад яшчэ таўсцейшы лёд — гэта вельмі траўматычна ды трагічна, тут няма чаго казаць. Але не мы першыя і не мы апошнія праз гэта праходзім. 

І нішто не вечнае. Прыйдзе час — лёд зноў трэсне, і нешта зноў будзе. А вось калі гэта здарыцца і ў якія формы што выльецца — тут ніхто дакладна не спрагназуе. Але плынь была занадта моцная, і занадта моцны пакінула пасля сябе след, каб яе можна было проста так з канцамі высушыць.