Дракахруст: «Ні на якое прымірэньне Лукашэнка не настроены. А на гэта накладзецца яшчэ і рэха міру — такога, якім ён будзе»
З інаўгурацыі пачаўся адлік сёмага тэрміну кіраваньня Лукашэнкам Беларусьсю. Як ён распарадзіцца сваёй уладай у наступныя 5 гадоў, піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.
Сёлетнія выбары ў Беларусі не прызнаныя сусьветнай дэмакратычнай супольнасьцю, ступень легітымнасьці Лукашэнкі — гэта ў лепшым выпадку «чорная скрыня». Колькі ў тых абвешчаных амаль 87% «за» сапраўднай падтрымкі — невядома.
Але, як адзначалі ў сваёй супольнай заяве 10 праваабарончых арганізацыяў, «рэжым працягвае ажыцьцяўляць эфэктыўны кантроль над тэрыторыяй Беларусі, уключаючы дзяржаўныя інстытуты, і, такім чынам, зьяўляецца дэ-факта ўладай на гэтай тэрыторыі».
Як Лукашэнка распарадзіцца гэтай фактычнай уладай у наступныя 5 гадоў?
Адказ на гэтае пытаньне ў значнай ступені залежыць ад таго, як і калі скончыцца вайна Расеі з Украінай.
Якім будзе мір: з гледзішча Лукашэнкі і беларусаў
У першы год вайны і нават пазьней ва многіх былі спадзевы на тое, што перамога Ўкраіны прынясе вызваленьне і Беларусі. Пры гэтым тады перамога Ўкраіны ўяўлялася як вяртаньне да межаў 1991 году, рэпарацыі з Расеі (і, магчыма, зь Беларусі) і суд над расейскімі ваеннымі злачынцамі.
У існых вайскова-палітычных умовах такі сцэнар выглядае нерэалістычным.
Якім будзе мір — невядома, але пляны, якія агучваюцца, прадугледжваюць для Ўкраіны істотныя тэрытарыяльныя страты. Гэта неабавязкова чатыры часова акупаваныя вобласьці плюс Крым — можа быць і менш.
Украіна наўрад ці пагодзіцца на юрыдычнае прызнаньне гэтых тэрытарыяльных саступак. Але гэта ў любым выпадку не вяртаньне да межаў 1991 году і нават да межаў лютага 2022 году.
Вяртаючыся да беларускай тэмы, варта адзначыць, што такі сцэнар будзе вельмі спрыяльным для Лукашэнкі. І практычна, і палітыка-псыхалягічна.
Вайна сканчаецца — страчваюць абгрунтаваньне самыя жорсткія санкцыі, уведзеныя адносна Беларусі за спрыяньне Расеі ў гэта вайне. Лукашэнка прынамсі можа спадзявацца на іх скарачэньне ці скасаваньне.
Ну а палітыка-псыхалягічна — такі мір пакажа беларусам, якой жахліва высокай можа быць цана і прагі да свабоды, і супрацьстаяньня Расеі, і эўрапейскага выбару.
І гэта будзе не адно рыторыка Лукашэнкі і яго прапагандыстаў, такой будзе рэальнасьць.
Нехта з беларусаў палічыць, што гэтыя мэты і каштоўнасьці вартыя нават такой цаны, іншыя будуць спадзявацца, што для Беларусі цана за гэта будзе не такой высокай. Аднак немалая колькасьць беларусаў можа вырашыць, што свабода і эўрапейскі выбар ня вартыя такіх пакутаў і стратаў.
Размова тут не пра зацятых аматараў Лукашэнкі і не пра беларускіх адэптаў «русского мира». Для гэтых праблемы не было і няма, у іх ад пачатку былі іншыя каштоўнасьці.
Але і для людзей няпэўных перакананьняў, далёкіх ад палітыкі, і нават для некаторых беларусаў дэмакратычных і праэўрапейскіх поглядаў урок, кажучы словамі Леніна, «похабного мира» ва Ўкраіне будзе надзвычай цяжкім. І ня тое, каб яны абавязкова адмовіліся ад сваіх перакананьняў, але прынамсі некаторыя адчуюць сьветапоглядны шок.
І такая сытуацыя будзе для Лукашэнкі найлепшай. Праўда, яна неабавязкова працягнецца вечна.
Паралелі з 2015 годам. Але не зусім
Нешта падобнае было ў беларускім грамадзтве ў сярэдзіне дзясятых гадоў. Што выразна праявілася на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году. Тады і сацыялягічныя апытаньні, і іншыя індыкатары грамадзкіх настрояў фіксавалі, што тагачасныя падзеі ва Ўкраіне — анэксія Крыму і падзеі на Данбасе — вельмі напалохалі беларусаў і фактычна паралізавалі якую б то ні было пратэставую актыўнасьць.
Грамадзкія настроі 2015 году не захаваліся назаўжды, ужо ў 2017 годзе Беларусь выбухнула пратэстамі «недармаедаў», у 2020 годзе — пратэстамі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, беспрэцэдэнтнымі ў гісторыі краіны.
Гэта і цяпер шок беларускага грамадзтва ад «похабного мира» ва Ўкраіне ня будзе вечным. Але ён можа аказацца больш працяглым, чым тады.
Ну і ўнутрыпалітычны кантэкст будзе хутчэй паглыбляць шок. У 2015 годзе напярэдадні выбараў на волю выйшлі ўсе палітвязьні, гэта быў пачатак «мядовага месяца» нармалізацыі адносінаў Беларусі і Захаду.
Цяпер падчас сваёй інаўгурацыі Лукашэнка зьдзекліва дзякаваў сваім апанэнтам, маўляў, дзякуй за выклік, які вы кідалі і кідаеце нам, нас гэта мабілізуе на сакрушальны адказ.
У перакладзе на звычайную мову гэта азначае, што ні на якое прымірэньне, паразуменьне ён не настроены. Яго формула «прымірэньня» засталася тая ж, якую ён агучыў у 2021 годзе: «Кайцеся, паўзіце на каленях».
А на гэта накладзецца яшчэ і рэха міру — такога, якім ён будзе.
Чаму Лукашэнку выгодны «похабный мир»
Парадаксальна, але «похабный мир» ва Ўкраіне для Лукашэнкі лепш, чым усе іншыя варыянты разьвіцьця падзеяў. Поўная перамога Расеі, захоп ёй усёй Украіны ці яе большай часткі — занадта моцная спакуса для Крамля пайсьці далей у накірунку, які не пагражае сусьветнай вайной. А менавіта — прыхапіць ужо заадно і Беларусь.
Калі вайна, нягледзячы на ўсе міратворчыя высілкі, працягнецца яшчэ колькі месяцаў і нават гадоў — беларуская прамысловасьць працягне працаваць на расейскія вайсковыя замовы, Беларусь застанецца «галоўным саюзьнікам Расеі», як сказаў прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў.
Грошы і іншыя «пернікі» Масква будзе працягваць даваць, як давала ўсе гады вайны. Усё застанецца прыкладна такім, якім было тры апошнія гады.
Ва ўмовах міру расейская падтрымка можа і зьменшыцца (калі толькі Масква ня стане рыхтавацца да новай вайны), але ладная частка санкцыяў будзе імаверна зьнятая, адкрыюцца магчымасьці гандляваць з Захадам, асабліва з ЗША Дональда Трампа, з Украінай, павялічыцца карыснасьць Беларусі як транзытнай краіны для Кітая. Словам, зьмяншэньне патоку дабротаў ад Расеі можа быць скампэнсаваная даходамі зь іншых накірункаў.
Цяпер увесь рэгіён — на ростанях вайны і міру. І пакуль немагчыма пэўна сказаць, па якіх шляху пойдуць падзеі. Але можна з пэўнай імавернасьцю прааналізаваць наступствы для Беларусі таго ці іншага разьвіцьця падзеяў.
Читайте еще
Избранное