Для беларусаў важна, каб мір быў заключаны на ўмовах Украіны, каб у выніку любых пагадненняў Беларусь аднавіла суверэнітэт, і не засталася пад кантролем Расіі. Неабходны выхад расійскіх войскаў і ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі.
«Для беларусаў важна, каб мір быў заключаны на ўмовах Украіны, каб у выніку любых пагадненняў Беларусь аднавіла суверэнітэт, і не засталася пад кантролем Расіі»
Святлана Ціханоўская заклікала ЕС выступаць голасам за незалежнасць Беларусі.
26 лістапада ў Берліне міністр замежных справаў Германіі Ёхан Вадэфуль прыняў лідарку беларускіх дэмсілаў Святлану Ціханоўскую.
Падчас сустрэчы абмеркавалі ключавыя пытанні міжнароднай палітыкі і сітуацыі ў Беларусі, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Асноўныя тэмы, якія былі абмеркаваныя ў Берліне:
- Мірныя перамовы па Украіне. Вадэфуль і Ціханоўская абмеркавалі магчымыя сцэнары развіцця падзеяў. Беларуская лідарка падкрэсліла, што ад гэтых перамоваў залежыць і лёс Беларусі:
Ціханоўская заклікала ЕС, уключаючы Германію, выступаць голасам за незалежнасць Беларусі.
- Гуманітарны трэк перамоваў паміж ЗША і прадстаўнікамі рэжыму, а таксама прагрэс у пытаннях вызвалення палітвязняў.
Святлана Ціханоўская паведаміла, што дэмакратычныя сілы Беларусі знаходзяцца ў кантакце з новым амерыканскім спецпасланнікам Джонам Коўлам.
Праваабарончыя арганізацыі і дэмакратычныя структуры падрыхтавалі неабходную інфраструктуру для прыняцця вызваленых палітвязняў.
Ціханоўская адзначыла, што многія з вызваленых знаходзяцца ў складаным стане і ім будзе патрэбная падтрымка, у тым ліку рэабілітацыйная.
- Магчымасці прыцягнення рэжыму да адказнасці. Лідарка дэмсілаў заклікала працягваць ціск на рэжым да поўнага спынення рэпрэсіяў і вызвалення ўсіх палітвязняў, адзначаючы пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі і ізаляцыю палітвязняў у рэжыме інкамунікада.
- Гібрыдныя атакі з боку рэжыму супраць Польшчы і Літвы, і неабходнасць рашуча гэтаму супрацьдзейнічаць, у тым ліку праз санкцыі. Апошнія выпадкі сведчаць, што рэжым застаецца пагрозай для бяспекі рэгіёну.
- Выдача візаў. Ціханоўская адзначыла важнасць працягу выдачы Германіяй візаў, у тым ліку шматразовых і падзякавала за гэта. Яна заўважыла, што мабільнасць беларусаў мае важнае значэнне, каб сувязь паміж беларусамі і Еўрасаюзам захоўвалася.
Беларуская лідарка таксама звярнулася з просьбай працягнуць падтрымку незалежных медыя, грамадзянскай супольнасці і культурніцкіх ініцыятываў, у тым ліку Форуму гістарычных даследаванняў Беларусі, праз нямецкія фонды і праграмы.
Ціханоўская падзякавала міністру за цвёрдую палітычную пазіцыю, падтрымку Украіны і дэмакратычнай Беларусі, за супрацоўніцтва паміж нямецкім МЗС і дэмакратычнымі сіламі, падтрымку незалежных журналістаў, праваабарончых ініцыятываў, у тым ліку Libereco, падтрымку беларускай рэдакцыі Deutsche Welle, а таксама міжнароднай платформы збору доказаў злачынстваў рэжыму (IAPB).
У сваю чаргу, піша Радый Свабода, Нямеччына выступае на баку беларускага народу, грамадзянскай супольнасці і «супольнасці выгнаннікаў».
Пра гэта заявіў міністр Ёган Вадэфуль пасьля сустрэчы са Святланай Ціханоўскай.
«Яны могуць разлічваць на нас у сваёй барацьбе за свабоду. Ціск на Лукашэнку будзе працягвацца. Усе палітвязні павінны быць вызваленыя», — напісаў кіраўнік МЗС Нямеччыны ў сацыяльнай сетцы Х.
Читайте еще
Избранное