«Да канца жыцця была з Беларуссю». Доктарка, патрыётка, выбітная дзяячка беларускай эміграцыі
«Салідарнасць» згадвае пра Раісу Жук-Грышкевіч.
Яна пражыла ў Беларусі толькі дзяцінства і юнацтва, але і на чужыне захавала любоў да свайго і зрабіла шмат для прасоўвання беларушчыны. А лёс яе вельмі пераклікаецца з лёсамі многіх беларусаў сёння.
Да 16-х угодак па Раісе Жук-Грышкевіч згадваем пра доктарку, пісьменніцу, выбітную дзяячку беларускай эміграцыі.
Польская школа і «школа беларушчыны»
Раіса Жукоўская з’явілася на свет у кастрычніку 1919 года ў Пружанах, у беларускай сям’і Міколы Жукоўскага і Надзеі Меярэвіч, дзе было акрамя яе яшчэ шасцёра дзяцей. Тут яна наведвала польскую пачатковую школу. Але навучылася і чытаць кірыліцай, па вершу Янкі Купалы «Ворагам беларушчыны», які прачытаў ёй бацька. Ён жа настойваў, каб дзеці ведалі беларускія песні і ўмелі танцаваць «Лявоніху».
Наступнай была гімназія імя Адама Міцкевіча.
«Каб папасьці туды, трэба было здаць конкурсны экзамен, па другое, навука была занадта каштоўная: дзеці польскіх ураднікаў былі звольненыя ад аплаты напалову, а беларусам трэба было плаціць усе 220.00 злотых у год», — успамінала яна праз шмат год.
Беларускай мовы як прадмету ў гімназіі не было, выкладалі з 4 класу лацінскую і замежныя: нямецкую альбо французскую на выбар.
«Гаворачы аб гэтым, я не наракаю, — пісала Раіса ў мемуарах, — а ганаруся, што беларусы ў Заходняй Беларусі, акупаванай Польшчай, хоць з фінансавымі й іншымі цяжкасьцямі, але імкнуліся й здабывалі навуку».

Дзяўчына вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі, нават паступіла на юрыдычны факультэт універсітэта, спрычынілася да Беларускага студэнцкага саюза ў Вільні, які называла «мая школа беларушчыны».
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР працавала настаўніцай беларускай мовы ў родных Пружанах, а таксама ў вёсцы Смаляніца — пераканала яе і іншых беларускіх студэнтаў з Вільні ў тым, што трэба выкладаць беларускую мову, «абуджаць нацыянальную годнасць», мясцовая актывістка, настаўніца Кацярына Стаўбунік.
У 1942-м Раіса разам з сястрой Валянцінай, як і многія другія беларускія дзяўчаты і жанчыны, была вывезеная ў Нямеччыну на прымусовую працу.
Доктарка Раіса
Пасля заканчэння вайны Жукоўская трапіла ў лагер для перамешчаных асобаў брытанскай акупацыйнай зоны — у Ватэнштэце (Ніжняя Саксонія).
«Мы мелі сваё беларускае кіраўніцтва, сваю паліцыю, сваю кухню, сваё школьніцтва — пачатковую школу і гімназію, сваю царкву… сваю мастацкую самадзейнасьць, свой клюб, сваю лякарню», — згадвала Раіса.
Тут яна пэўны час працавала ў шпіталі — і вырашылася вучыцца на медыка.
Яна скончыла ўніверсітэт у Марбургу, вывучылася на дантыстку. А ў 1949 годзе, калі атрымалася з’ехаць з Еўропы ў Канаду, высветлілася, што еўрапейскія дыпломы там не прызнаюцца. Каб атрымаць права на працу, быў патрэбны мясцовы, і Раіса ўпарта пайшла вучыцца наноў, гэтым разам ва ўніверсітэт Таронта. У дыпломе было пазначана: доктарка дантычнай хірургіі.
Стаматалагіня з Жукоўскай атрымалася вельмі добрая — па ўспамінах знаёмых, у прыватнасці, цяперашняй старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, да «доктаркі Раісы» прыязджалі лячыцца нават з іншых краін: «Як і ва ўсім, за што бралася, яна была выдатнай».
А яшчэ паралельна з вучобай і падпрацоўкамі, бо трэба было на нешта жыць, Раіса наведвала курсы беларусазнаўства, зладжаныя пры ўніверсітэце.
Каханне і свабода. Радыё «Свабода»
Там жа, у Канадзе яна пазнаёмілася з будучым мужам Вінцэнтам Жук-Грышкевічам (яшчэ пры першых Саветах яго рэпрэсавалі як «сацыяльна небяспечнага элемента» і адправілі ў лагер, у 1942-м ён па амністыі трапіў у армію генерала Андэрса, а пасля вайны застаўся на Захадзе).
Ён таксама мусіў зноў вучыцца, і стаў дарэчы першым беларусам, які атрымаў у Канадзе ступень доктара філасофіі. Вінцэнт Жук-Грышкевіч і заснаваў курсы беларусазнаўства ў ВНУ Паўночнай Амерыкі і Канады, чытаў наведнікам лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі.
«Пасля заняткаў з сваім Прафесарам заходзілі мы ў студэнцкую кафейку, што знаходзілася непадалёк універсітэту. У гутарках пры кубку кавы праводзілі мы прыемныя часіны адпачынку, — згадвала Раіса.
Гэтыя сустрэчы перараслі ў сям’ю — у 1953 годзе яны пабраліся шлюбам.

Ды напачатку яны правялі год у расстанні — Вінцэнту прапанавалі ўзначаліць толькі што створаную беларускую рэдакцыю радыё «Вызваленье» (потым Радыё Свабода) ў Мюнхене, а Раіса мусіла скончыць вучобу ды канчаткова легалізавацца ў Канадзе, атрымаўшы грамадзянства.
Увесь гэты час яны кранальна падтрымлівалі адно аднога ў лістах: ён называў яе «жоначка мая дарагая», яна не магла дачакаць сустрэчы, і як толькі змагла, паехала да яго.
Але сапраўдная глыбіня яе пачуццяў і адданасці выявілася нашмат пазней, калі Вінцука ўжо не стала — у ягоную памяць жонка выдала ў 1993 годзе кнігу «Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча»: 800 старонак успамінаў, лістоў, дзённікавых запісаў, артыкулаў, фота.
Беларуска ва ўрадзе Канады
З першых дзён Раіса Жук-Грышкевіч з імпэтам уключылася і ў жыццё беларускай суполкі — стала сябрам Згуртавання беларусаў Канады (і адной з яго фундатарак), выдавала «Камунікаты» — друкаваны орган Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады, заснавала і шмат год ачольвала Задзіночанне беларусак Канады, увайшла ў Міжнародную асацыяцыю беларусістаў і Беларускі інстытут навукі і мастацтва.
Дзякуючы намаганням сужэнцаў, ад 25 сакавіка 1970 года каля гарадской ратушы Таронта сталі штогод уздымаць беларускі нацыянальны сцяг.
У гэтым жа годзе Вінцэнт заступіў на пасаду старшыні Рады БНР — і да 1982-га ўзначальваў беларускі ўрад у замежжы. А Раіса? О, Раіса была не проста жонкай прэзідэнта БНР, але яго паплечніцай і памочніцай.
Яна спрычынілася да выдання першых падручнікаў беларускай мовы для замежнікаў, падрыхтаваных яе сястрой Валянцінай, арганізацыі беларускіх выстаў і навуковых канферэнцый… Нават прадстаўляла беларусаў у канадскім урадзе — уваходзіла ў кансультацыйную раду па пытаннях мультыкультуралізму.
У 1988 годзе з ініцыятывы Жук-Грышкевічаў у Мідлэндзе на плошчы Мучанікаў (Martyrs' Shrine) быў усталяваны памятны крыж 1000-годдзя хрысціянства ў Беларусі. На ўрачыстае адкрыццё прыязджала паэтка Наталля Арсеннева, якая прысвяціла Еўфрасіннеўскаму крыжу адзін з вершаў.

Пазней Раіса дамаглася, каб тут усталявалі і мемарыяльны камень на ўспамін ахвяр камуністычнага рэжыму ў Беларусі. Гэты мемарыял стаў месцам паломніцтва многіх беларусаў замежжа, а праз 25 гадоў быў адноўлены ужо новай генерацыяй беларусаў Канады.
Сустрэча з радзімай — праз 50 год
У ліпені 1993 года Раіса Жук-Грышкевіч упершыню за шмат год патрапіла на радзіму — падчас першага з’езду беларусаў свету. Акрамя Мінска, наведала і родныя Пружаны. Праз два гады ўзяла ўдзел у другім Міжнародным кангрэсе беларусістаў у Мінску, пісала навуковыя артыкулы і даклады для шэрагу міжнародных канферэнцый, якія праходзілі ў Беларусі.

Пасля 1995-га яна ўжо больш не бывала на радзіме, але заставалася палымянай і паслядоўнай абаронцай беларушчыны. «Савецкі расейскі рэжым дзясяткамі гадоў чыніў генацыд над беларускім народам. А з тае часткі, што заставалася пры жыцьці, нялюдзкім тэрорам вымаў душу, нішчыў мову, культуру, ілжой хаваў ад народу ягоную гістарычную спадчыну. Інакш кажучы, поруч з генацыдам, чыніў сыстэматычна лінгвацыд, этнацыд — зьнішчаў у пень беларускі народ, нацыю», — пісала яна ў адным з артыкулаў для «Нашай нівы».
Не стала слыннай грамадскай дзяячкі 2 красавіка 2009 года, аднак пахавалі яе не ў мясцовасцм Бэры ў Канадзе, дзе шмат год жыла сям’я, а побач з мужам — на беларускіх могілках Нью-Брансуік у Нью-Джэрсі (ЗША).

«Яна была прыстойным чалавекам, другой маці для пляменнікаў, гасціннай гаспадыняй, чый дом быў заўсёды адкрыты для сяброў, грамадскай дзяячкай, цудоўнай арганізатаркай і вялікай беларускай патрыёткай. І да канца жыцця была з Беларуссю», — пісала Івонка Сурвіла, узгадваючы нашу зямлячку.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное