Цыганкоў: «Проста кожны павінен займацца сваёй справай»

Палітычны аглядальнік – пра Ціханоўскага і беларускую мову.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

– А мяне менш за ўсё турбуе, ці загаворыць Сяргей Ціханоўскі па-беларуску.  Больш за тое – скажам мякка, я не бачу ў гэтым ніякай палітычнай неабходнасьці, – піша Віталь Цыганкоў. – Памятаеце, у фільме «Лепей не бывае» (As good as it get’s) саркастычны герой Джэка Нікальсана кажа афіцыянтцы – «Just what the world needs… another actress» – «Вось што зараз сьвету патрэбна – яшчэ адна актрыса»?

Вось што менш за ўсё патрэбна зараз беларускай апазыцыі (дэмакратычным сілам) – яшчэ адзін беларускамоўны палітык у эміграцыі, які будзе канцэнтравацца на пытаньнях мовы, культуры, нацыянальнага адраджэньня.

Гэта паляна даўно пакрытая. Тут генералаў больш чым салдат.

Загаварыць па-беларуску, каб спадабацца тым людзям (і таму канкрэтнаму чалавеку), якія яго крытыкуюць за ягоную рускамоўнасьць – бессэнсоўна. Ціханоўскі ад іх літасьці не атрымае ў любым выпадку. Сьвятлана Ціханоўская загаварыла па-беларуску самыя адраджэнцкія рэчы – яны палюбілі яе пасьля гэтага?

«Ах, я чем виноват?»…

«Ты виноват уж тем, что хочется мне... быть лидером, а ты сам претендуешь быть лидером».

Значыць, ты – вораг, што б і на якой мове ты б не казаў. Урэшце, як і ўсе астатнія.

У Ціханоўскага – свой талент і імідж, свая функцыя, і яму ня трэба граць чужыя ролі. Хай ён зьвяртаецца да тых людзей, якія застаюцца ўбаку, да якіх не даходзяць нашы традыцыйныя заклікі. Хай зьвяртаецца ў той форме і на той мове, якая гэтым людзям больш звыклая і зразумелая.

І ні ў якім разе ня варта гэта ўспрымаць як «зараз не да мовы». Я той чалавек, які больш за іншых напісаў тэкстаў пра тое, што мова заўсёды на першых месцах і яна не «пачакае».

Проста кожны павінен займацца сваёй справай, той, якую ўмее рабіць найперш і якая атрымліваецца. У кожнага свая ніша і аўдыторыя. У Сяргея Ціханоўскага гістарычна атрымлівалася (і будзем спадзявацца, можа атрымацца зараз) актывізоўваць «простых» людзей, уздымаць шырокія народныя масы, узбуджаць нянавісьць да рэжыму і жаданьне дзейнічаць.

Я ня ведаю, якія ў яго планы і рэсурсы. Але адчуваю, што нешта атрымацца ў яго можа толькі пры ўмове, што Ціханоўскі будзе самім сабой, што яму ня будуць навязваць пэўныя прынятыя «у нашым асяроддзі» нормы, падыходы і манеры. 

Магчыма, людзі стаміліся ад дыпламатычных і асьцярожных заяваў, і ім хочацца слухаць чалавека, які заклікае пасадзіць аднаго персанажа «на кол».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(28)