Ціханоўская: «Калі санкцыі здымуць, то хіба Лукашэнка адвернецца ад Расіі?»

Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл распавяла, ці ёсць сэнс аслабляць ціск і «дамаўляцца» з рэжымам.

У Святланы Ціханоўскай спыталі, ці застаецца яна прыхільніцай ціску на рэжым, альбо варта было б змяніць стратэгію — бо ёсць меркаванні, што санкцыі толькі яшчэ больш наблізілі Беларусь да Расіі.

— Залежнасць беларускай эканомікі ад РФ не пачалася пасля 2020 года, яна склалася ўжо на працягу 30 год, — зазначыла Святлана Ціханоўская ў эфіры Еўрарадыё. — Таму не трэба перакладваць на санкцыі адказнасць за палітычны курс рэжыму Лукашэнкі ўсе гэтыя гады.

Я лічу, што санкцыі — гэта інструмент ціску, які трэба выкарыстоўваць вельмі мудра. І калі рэжым робіць такія рэчы, як гвалт над людзьмі, супрацоўніцтва з Расіяй супраць Украіны, выкарыстанне беларускіх прадпрыемстваў на карысць расійскай ваеннай машыны — за гэта трэба караць і несці адказнасць.

Фота: прэс-служба АПК

Давайце падумаем: калі санкцыі здымуць, то хіба Лукашэнка адвернецца ад Расіі? Не. Гэта ягоны ўпэўнены палітычны і эканамічны курс.

Санкцыі ў нашым выпадку — гэта інструмент для вызвалення людзей.

Канешне, мы разумеем, што Лукашэнка — гэта пагроза нашаму суверэнітэту, нашай нацыянальнай ідэнтычнасці. Але гэта яго выбар, і мы не павінны з ім пагаджацца. А павінны рабіць усё магчымае, каб узмацняць, перш за ўсё, беларусаў. Узмацняць нашую супрацу з міжнароднымі партнёрамі, якія таксама будуць мець, можа, вырашальную ролю ў лёсе беларусаў. Узмацняць супрацу з украінскім бокам.

Таму санкцыі самі па сабе не пагаршаюць жыццё беларусаў — яны перадусім пагаршаюць жыццё і спусташаюць кішэні тых, хто адказны за саўдзел у злачынствах.

Дарэчы, што да Украіны — візіт Святланы Ціханоўскай у Кіеў можа адбыцца ўжо ў лютым ці сакавіку. Якія тэмы плануецца ўзняць падчас яго?

— Мы паедзем з першым пытаннем — чым беларусы могуць дапамагчы Украіне, каб вызваліць яе, — адказвае Святлана Ціханоўская. — Гэта тое, што хочуць пачуць ад нас украінцы.І мы ўсе добра разумеем, што ад перамогі Украіны шмат у чым залежыць і лёс Беларусі.

Але, вядома ж, ёсць шмат беларускіх пытанняў, якія патрэбна вырашаць ва Украіне — гэта і пытанні легалізацыі, і нашы ваяры, і беларускія суполкі, і прасоўванне Беларусі на міжнароднай арэне, і прыцягненне рэжыму да адказнасці сумеснымі намаганнямі.

Ёсць пытанні, якія будуць вырашацца на вышэйшым узроўні, але таксама ёсць запыт на міністэрствы, што працуюць у пэўных накірунках.

Што мы зараз робім – гэта шмат камунікуем з беларускімі ініцыятывамі там: яны лепш разумеюць кантэкст. Я вельмі ўдзячная тым беларусам, якія шмат чаго робяць ва Украіне («Пункт Нязломнасці», канешне, нашы ваяры, а таксама валанцёры). А з камандай АПК вырашаем, які будзе склад дэлегацыі і структура візіту.

То бок, гэта будзе такі супольны візіт — не візіт Ціханоўскай, а візіт беларусаў ва Украіну.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(3)