Брухан: «Калі ты выціскаеш тых, хто хацеў жыць у гэтай краіне, і на іх месца прывозіш наёмных супрацоўнікаў, не будзе развіцця»

Намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан — пра пакістанцаў у Беларусі і кадравыя змены ў Саюзнай дзяржаве.

Арцём Брухан

— Думаю, што старшыня Баранавіцкага гарвыканкама, калі пачуў, што яму завязуць шмат пакістанскіх супрацоўнікаў, схапіўся за галаву. Канешне, з вуснаў Лукашэнкі на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Пакістана гэта гучала як добры лозунг, — кажа Брухан у эфіры Еўрарадыё. — А калі перайсці ў практычную плоскасць, то мясцовыя ўлады будуць адказныя, дзе гэтых людзей размясціць і як іх уладкаваць на працу.

Гэта складаныя пытанні, і Лукашэнка паглыбляцца ў іх не будзе. Ён паставіў задачу — усе падскочылі і пабеглі выконваць. А як выконваць, калі няма на гэта рэсурсаў, калі незразумела, як гэта рабіць?

Намеснік кіраўніка НАУ адзначае, што, прыцягваючы ў Беларусь пакістанцкіх супрацоўнікаў, Лукашэнка хоча вырашыць праблему недахопу працоўных рук. Але ён звяртае ўвагу на іншую тендэнцыю ў нашай эканоміцы.

— Акумулятарны завод завод у Брэсце пайшоў у прастой, на МАЗе таксама пытанні. Сам Лукашэнка кажа, што ў нас пытанні са збытам прадукцыі ў Расію, бо рынак захопліваюць кітайскія тавары. Магчыма, пытанне зараз не ў недахопе працоўных рук? Яно было паўгода-год таму, калі працавалі на ваенку, і расійскі рынак можна было ўсё прадаваць. А зараз сітуацыя змянілася.

І пакуль гэтыя пакістанцы прыедуць, пакуль гэта ўсё будзе арганізавана, для іх ужо, можа, і не будзе працы. Тады прыйдзецца зноў звальняць беларусаў — і не тых, хто, як яны кажуць «бчб-шнікі», але і тых, хто падтрымліваў улады.

 Гэта будзе велізарная праблема і для мясцовых уладаў, і для саміх беларусаў.

Але ж праблему праз гэта не вырашыць — экспарт не павялічыцца. Я думаю, што гэта выкліча пытанні і ў наменклатуры, і ў грамадства. Складаную праблему паспрабавалі вырашыць самым простым папулістычным спосабам, а працаваць гэта не будзе.

читайте также

Калі ты выціскаеш тых, хто хацеў жыць у гэтай краіне, развіваць яе, адбудоўваць яе для сябе, і на іх месца прывозіш наёмных супрацоўнікаў, не будзе развіцця.

Не будуць гэтыя людзі інвеставаць у Беларусь. І гэта велізарная праблема, не звязаная з тым, будуць гэта пакістанцы або іншыя мігранты.

Чаму, напрыклад, у Польшчу, едуць працоўныя мігранты? Эканоміка і экспарт растуць. І таму не хапае рук. А ў нас іншая сітуацыя — эканоміка скукожваецца.

Брухан таксама пракаментаваў кадравыя змены ў Саюзнай дзяржаве. Нядаўна на пасаду дзяржсакратара быў прызначаны Сяргей Глазьеў, а Дзмітрыя Мезенцава, які раней займаў гэтую пасаду, Пуцін прызначыў сваім паўнамоцным прадстаўніком у Канстытуцыйным судзе РФ.

— Я вельмі хвалююся за тое, што Мезенцава, які працаваў і паслом РФ у Беларусі, і дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы, чамусьці адправілі прадстаўніком Пуціна ў Канстытуцыйны суд РФ. Магчыма, ён, набраўшыся досведу інтэграцыйных працэсаў, можа быць накіраваны туды рыхтаваць ці то нейкі канстытуцыйны акт, ці то нейкае рашэнне Канстытуцыйнага суда Расіі, звязанага з Саюзнай дзяржавай.

Гэта можа быць падрыхтоўка палітычнага паглынання Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы. Гэта дрэнны сцэнар.

Іншы — што яго проста адправілі як сінекуру — дасядзець да пенсіі з добрым заробкам, а Глазьеў будзе канцэнтравацца менавіта на эканамічнай інтэграцыі, а на палітычным узроўні ўжо прынята рашэнне пакуль не рухацца далей. Вось тут ёсць такі відэлец, паглядзім, як будзе развівацца сітуацыя далей.