Общество

Беларускі паэт Сяргей Прылуцкі пайшоў ваяваць за Украіну

Ужо больш за два тыдні Сяргей Прылуцкі знаходзіцца ў Інтэрнацыянальным легіёне.

Паэт распавёў Нашай Ніве, як трапіў туды.

Сяргей Прылуцкі

Сяргей шмат гадоў жыве ва Украіне — у Бучы, пра якую ў 2022 годзе пачуў увесь свет. У той час пісьменніку вельмі пашанцавала. Яго дом быў вельмі блізка ад аэрапорта, але Сяргей разам з сям’ёй змог пажыць у кватэры сябра, якая знаходзілася ў тым квартале, куды расіяне ў выніку так і не зайшлі. А калі недзе праз два тыдні далі «зялёны калідор», беларус с жонкай і маленькім сынам эвакуяваўся.

Дарэчы, расійскія вайскоўцы заходзілі ў дом Сяргея. Марадзёры сярод іншага вынеслі абраз. У маі 2022 года беларускі пісьменнік вярнуўся ў Бучу.

Цяпер жа ён ідзе ваяваць.

— З боку можа выглядаць, што ўсё адбылося раптоўна. Але ж не. Я быў гатовы ісці ваяваць яшчэ ў 2022 годзе — але тады стаялі вялізныя чэргі перад ваенкаматамі, быў сур’ёзны адбор. Людзей, у якіх былі нейкія пытанні са здароўем, адсейвалі. Я са сваім трошкі неідэальным здароўем быў не такі патрэбны.

Сяргей кажа, што, пасля эвакуацыі з Бучы ён стаў на вайсковы ўлік на новым месцы (у яго ёсць украінскае грамадзянства). І з таго моманту чакаў, што ў нейкі момант яго прызавуць.

— Калі я вярнуўся ў Бучу, было шмат бюракратычных пытанняў. У 2024 годзе прынялі новы закон наконт мабілізацыі, бюракратыі стала менш, і я змог зноў стаць на вайсковы ўлік у Бучы.

Неяк усё расцягнулася на год, і выйшла, што я трапіў у войска толькі цяпер. Мяне гэта не шакавала, не стала нейкім сюрпрызам, бо я сам шукаў месца, куды пайсці служыць.

На пытанне, чаму менавіта Інтэрнацыянальны легіён, пісьменнік адказвае так:

— Скажам так, я прадстаўнік нацыянальнай меншасці. Плюс мне параілі — сказалі, што там добрыя падраздзяленні. Да таго ж там некалькі маіх сяброў служыць. Былі яшчэ варыянты, але ў іх не прайшоў. Таму спыніўся на Інтэрнацыянальным легіёне, дзе былі патрэбныя людзі.

На пытанне, як сямігадовы сын адрэагаваў на навіну пра тое, што тата пойдзе на вайну, Сяргей адказвае:

— Як усе дзеці: сумуе без мяне. Але ён разумее, што адбываецца.

У хуткім часе ў Сяргея пачнецца навучанне ў вучэбцы, якое, ён мяркуе, зойме 45 дзён.