Общество

«Амаль стогадовае жыццё служыш беларушчыне — а ў выніку нават таго, каб абвестку пра тваю смерць напісалі па-беларуску, не заслугоўваеш»

Жалобную абвестку ў будынку прэзідыума Акадэміі навук, дзе развітваліся з выбітным беларускім навукоўцам, акадэмікам Радзімам Гарэцкім, напісалі па-руску.

Гісторык, сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч:

— Такая во бяда. Засвойваеш родную мову на чужыне, ідэйна вяртаешся на радзіму, хоць мог бы сабе добра ўладкавацца ў самой Маскве, усё амаль стогадовае жыццё служыш беларушчыне — а ў выніку нават таго, каб абвестку пра тваю смерць і развітанне напісалі па-беларуску, не заслугоўваеш.

І вось жа не сорамна людзям...

Публіцыст, палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык:

— Некаторыя ўбачылі ў гэтым сьвядомы зьдзек з чалавека, які дзесяцігодзьдзі свайго жыцьця паклаў на нацыянальнае Адраджэньне, доўгі час узначальваў згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», быў сустрашынём агульнабеларускага з’езду за Незалежнасьць у 2000-м, падтрымліваў Таварыства беларускай мовы імя Скарыны да апошняга дня дзейнасьці гэтай забароненай арганізацыі.

Канешне, у сваёй сутнасьці, гэта — зьдзек. Але, мяркую, зьдзек несьвядомы. І гэта значна горш, чым асэнсаваны, прадуманы крок.

Бо супрацоўнікам Акадэміі навук (якая ў сваім афіцыйным назове мае слова «нацыянальная») нават у галаву не прыйшло, што тэкст мусіць быць па-беларуску.

Ну, як не прыйшло б у галаву, што трэба напісаць на партугальскай альбо мове хіндзі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)